Чым сёньня займаліся Гайдукевіч, Казулін і Лукашэнка?

Радыё Свабода Актывісты Сяргея Гайдукевіча працягвалі раздачу 14-ці відаў агітацыйнай прадукцыі — календароў ды раскладаў электрычак з фотаздымкам кандыдата й перадвыбарчай праграмай. У Менску агітатары працавалі на чыгуначным вакзале. Сяргей Гайдукевіч намерваўся выйсьці да вакзалу й прашпацыраваць да стадыёну “Дынама”.
Аляксандар Казулін накіраваў звароты да судзьдзі Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча й старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы. Спадар Казулін настойвае на асабістай сустрэчы з гэтымі чыноўнікамі для абмеркаваньня пытаньняў стану законнасьці ў краіне. Аляксандар Казулін цьвердзіць, што ў Беларусі “фактычна адбываецца канстытуцыйны пераварот.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы спадара Казуліна Мечыслава Грыба, у штаб паступае інфармацыя, што выбарцаў фактычна змушаюць галасаваць датэрмінова.

(Грыб: ) “Прымушаюць людзей ісьці галасаваць датэрмінова, прымушаюць ісьці з пашпартамі на працу, каб потым датэрмінова прагаласавалі. Па вёсках, у сельскай мясцовасьці пускаюць спэцыяльныя аўтобусы, каб людзей сабраць і прывезьці на ўчастак для галасаваньня”.

Мечыслаў Грыб параўноўвае сытуацыю зь мінулымі выбарамі:

(Грыб: ) “Нічога не памянялася ў лепшы бок. Гэта адназначна. Як тады гналі на гэтыя датэрміновыя выбары, так і цяпер гоняць. Ніхто ні на каго не зьвяртае ўвагі. Гоняць. Трэба галасаваць, ня трэба галасаваць, на месцы будзеш, ня будзеш — давай ідзі, галасуй. І ўсё!”

Актывісты штабу па-ранейшаму наладжваюць сустрэчы з выбарцамі. Аляксандар Казулін плянуе сёньня сустрэцца з выбарцамі ў Салігорску, а на заўтра рыхтуецца масавая сустрэча спадара Казуліна ў менскім кінатэатры “Дружба”.

Агітатары за Аляксандра Лукашэнку пачалі раздаваць выбарцам праграму кандыдата, выдадзеную ў выглядзе кніжачкі зь вялікай колькасьцю каляровых фотаздымкаў. Паводле прэсавага сакратара Дзьмітрыя Косьціна, гэта адзінае, што выдаў штаб за кошт сродкаў Цэнтравыбаркаму.

(Косьцін: ) “Гэта ўся агітацыйная прадукцыя, што ёсьць. Вось гэтая праграма нашага кандыдата. Дастаткова ёмка скарыстана магчымасьць нашага абмежаванага бюджэту”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня выконваў абавязкі кіраўніка краіны. Ён быў з рабочай паездкай на Гомельшчыне, дзе адбылася цырымонія пуску газу ў пасёлку Акцябарскі. Практычна ўсе давераныя асобы кандыдата ладзілі сустрэчы з выбарцамі, у тым ліку, — на прамысловых прадпрыемствах. У штабе, які месьціцца ў менскім Доме афіцэраў, адбылася сустрэча з кіраўніком назіральнай місіі АБСЭ Гертам Арэнсам. На заўтра заплянавана сустрэча з кіраўніком Цэнтравыбаркаму Літвы.

Спадар Косьцін сказаў, што сябры штабу будуць працаваць 19 сакавіка.

(Косьцін: ) “Таму мы цяпер паступова праводзім датэрміновае галасаваньне. Нашы супрацоўнікі едуць па месцы прапіскі на выбарчыя ўчасткі, галасуюць”.