Актывіста выклікалі ў шчучынскую пракуратуру 2 разы за дзень

Радыё Свабода Кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Шчучыне Сяргей Ляшкевіч другі раз за дзень знаходзіцца ў пракуратуры. Першы раз яго выклікаў сьледчы для правядзеньня вочнай стаўкі а 15-й гадзіне, а другі раз ужо пасьля 18-ці гадзін сьледчы Іван Новікаў сам прыйшоў за ім дамоў і забраў паўторна.
Сяргею Ляшкевічу пакуль не прад’яўлена ніякіх абвінавачваньняў. У Шчучыне, па прызнаньню нейкага Аляксандра Бурдзея, які нібыта зьявіўся ў міліцыю з павіннай, была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулу 293 ч 3 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках).

У чым прызнаўся міліцыі Бурдзей, не вядома ні Сяргею Ляшкевічу, ні ягонаму адвакату. Тым ня менш, у той самы дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, канфіскавалі кампутар, архіўныя паперы і прад’явілі пастанову аб затрыманьні на 72 гадзіны.

Два дні яго ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары, а потым па хадайніцтву адваката выпусьцілі на волю. Сёньня адбылася вочная стаўка з Аляксандрам Бурдзеям, пасьля чаго Сяргея Ляшкевіча адпусьцілі, але праз паўтары гадзіны сьледчы сам зьявіўся да яго дахаты і забраў у міліцыю.

Маці Сяргея Ляшкевіча перакананая, што нанач яго дахаты ўжо не адпусьцяць.

Яшчэ раней Сяргей Ляшкевіч казаў, што ведае Бурдзея і лічыць, што той хутчэй за ўсё адыгрываў ролю правакатара. Ён напрасіўся ў ініцыятыўную групу яшчэ на самым пачатку выбарчай кампаніі і вельмі часта рабіў правакацыйныя заявы: неаднаразова казаў, што хоча ўдзельнічаць у мітынгах у Менску, і пры гэтым заўсёды пытаўся: што з сабой туды браць – зброю ці бутэлькі з бэнзінам. На такія пытаньні Сяргей Ляшкевіч яму адказваў – калі ты дурны, то можаш браць кулямёты і гранаты. Напэўна з гэтага, меркаваў Сяргей Ляшкевіч, і была зроблена выснова, што ён рыхтаваў Бурдзея да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Сяргею Ляшкевічу таксама стала вядома, што супраць Аляксандра Бурдзея ўзбуджана крымінальная справа па факту крадзяжу. Ён думае, што менавіта пасьля гэтага Аляксандар Бурдзей зрабіў свае прызнаньні.