А.Казулін падзякаваў К.Райс за прынцыповасьць і падтрымку дэмакратыі

Радыё Свабода Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандр Казулін накіраваў падзяку дзяржсакратару ЗША Кандалізе Райс – пра гэта паведаміў БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу кандыдата.
"Ад сябе асабіста і ад імя маіх паплечнікаў выказваю Вам шчырую падзяку за падтрымку права майго народа на свабоду і дэмакратычнае волевыяўленьне. Я сардэчна ўдзячны Вам за прынцыповую пазыцыю ў адносінах да працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, і за Вашы намаганьні па адстойваньні і разьвіцьці дэмакратыі ў нашай краіне", – гаворыцца ў пасланьні А.Казуліна.

На думку кандыдата ў прэзыдэнты, 2 сакавіка ўлады Беларусі пераступілі цераз законы, парушылі Канстытуцыю, апусьціўшыся да зьбіваньня кандыдата ў прэзыдэнты, яго давераных асоб, журналістаў. Ён зазначае, што ў Мінску ў гэты дзень прагучалі першыя стрэлы супраць мірнага насельніцтва.

"Упэўнены, што дзякуючы Вашаму апэратыўнаму і ўплывоваму голасу 2 сакавіка былі прадухілены масавыя рэпрэсіі", гаворыцца ў лісьце А.Казуліна.