У Берасьці перашкаджаюць агітаваць за Казуліна

Радыё Свабода Ігар Маслоўскі, актывіст штабу Аляксандра Казуліна, накіраваў заяву ў Маскоўскую пракуратуру і Маскоўскую раённую выбарчую камісію Берасьця. Было некалькі выпадкаў, калі агітатарам перашкаджалі мясцовыя чыноўнікі.
У прыватнасьці, дырэктар крамы №6 “Асьвета”, якая знаходзіцца ў цэнтры Берасьця, забараніў берасьцейцу Яўгену Даўгаполаву распаўсюджваць агітацыйныя плякаты на тэрыторыі крамы. З такімі ж праблемамі актывіст сутыкнуўся ў інтэрнаце берасьцейскай швейнай фірмы “Надзея”.

У заяве Ігар Маслоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што Яўген Даўгаполаў распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы ў афіцыйна дазволеных месцах, якія пералічаны ў рашэньні раённай адміністрацыі.

На думку Ігара Маслоўскага, гэтыя факты сьведчаць аб парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу, дзе адзначана, што службовыя асобы ня маюць права перашкаджаць агітацыі.