Кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЭ сустрэўся з апазыцыйным кандыдатам

Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч не сумняецца ў высокім прафэсіяналізме назіральнікаў АБСЭ. Пра гэта кандыдат на прэзыдэнта сказаў нашаму радыё пасьля сёньняшняй вечаровай сустрэчы з кіраўніком місіі назіральнікаў АБСЭ на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі амбасадарам Гертам Арэнсам. Спадар Мілінкевіч упэўнены, што справаздача гэтых міжнародных назіральнікаў будзе непрадузятай і дакладнай.
Амбасадар Арэнс паведаміў кандыдату на прэзыдэнта, што выбары ў Беларусі выклікаюць надзвычайны інтарэс літаральна ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Колькі дакладна замежных назіральнікаў будзе ў Беларусі падчас выбараў, сёньня сказаць немагчыма. Але тое, што ад АБСЭ іх будзе каля 600, відавочна. І ўжо 14 сакавіка да 37 доўгатэрміновых назіральнікаў, што знаходзяцца ў Беларусі, пачнуць далучацца кароткатэрміновыя назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ды Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Герт Арэнс, як і на ранішняй сустрэчы з кіраўніком Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Генадзем Навіцкім, пацьвердзіў: назіральнікі АБСЭ зыходзяць у сваіх ацэнках выключна з крытэраў і стандартаў дэмакратычных выбараў, якія прызнаныя гэтай міжнароднай арганізацыяй. Галоўнае ў іх працы -- аб''ектыўнасьць.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў свайму суразмоўцу, што ён высока ставіць працу супрацоўнікаў Бюро правоў чалавека АБСЭ. Агульнапрызнана, што ў сьвеце няма больш дасьведчанай арганізацыі ў галіне дасьледаваньня выбарчага працэсу. На карысьць гэтага гаворыць, прынамсі, наступны факт -- назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі для супрацоўнікаў Бюро ёсьць 76-м выбарчым працэсам, які яны абслугоўваюць.

Сёньня ж стала вядома, што грамадзкае аб''яднаньне "Беларускі рэспубліканскі клюб выбаршчыкаў" плянуе накіраваць на прэзыдэнцкія выбары каля трох тысяч незалежных назіральнікаў. Пра гэта паведаміў старшыня клюбу Ўладзімір Гудзееў.