Давераныя асобы Казуліна правялі сустрэчы на Віцебшчыне

Радыё Свабода Учора ўвечары давераныя асобы кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна сустракаліся з жыхарамі Наваполацку, а сёньня завіталі ў Дрысу (Верхнядзьвінск). Тым часам сам А.Казулін праводзіў сустрэчу ў Маладэчне.
Сустрэча з дрысенцамі ладзілася ў раённым доме культуры, і на яе прайшло ўсяго тры дзясяткі чалавек. Арганізатары выбарчай імпрэзы тлумачаць гэты факт адсутнасьцю інфармацыі, а таксама страхам людзей “засьвяціцца” на мерапрыемстве, якое ўлады лічаць непажаданым.

Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны і прайшла без эксцэсаў, калі не лічыць цікаўнасьці мясцовай міліцыі да даверанай асобы кандыдата Яўгена Парчынскага і сябра ягонай ініцыятыўнай групы Валера Шаўчэнкі, якія прыехалі з Наваполацку: капітан Чубар спраўдзіў у іх асабістыя дакумэнты і перапісаў пашпартныя зьвесткі.