“За паўтары гадзіны работы ў процівагазах на прашыўцы абутку Лейкін прашыў 200 пар замест планаваных 175 пар, Гельзін — 185 пар”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 10 сакавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.
“Беларуская ніва”, 1926 год:

“4 сакавіка ў Вільні і пад Вільняй неўспадзеўкі пачала прыбываць вада ў Вяльлі і заліваць берагі. Заліты вуліцы на прадмесьці Салтанішкі, дзе ўтанула адна старая кабеціна, ня здолеўшы выйсьці з хаты, ды на Зьвярынцы, а такжа ў павіленскіх ваколіцах Панары і Янкоўшчына. У апошнія дні вада пачала спадаць”.

“Палеская праўда”, 1936 год. Рэпартаж з гомельскай фабрыкі “Праца”:

“Стаханавец комсамолец, рабочы Лейкін спаборнічае са стаханаўцам Гельзіным. За паўтары гадзіны работы ў процівагазах на прашыўцы абутку Лейкін прашыў 200 пар замест планаваных 175 пар, Гельзін — 185 пар… Абходзяць цэхі ў процівагазах сакратар паркома і старшыня фабкома. Выязджае транспарт, коні ў процівагазах, некаторыя неспакойна махаюць галовамі, мусіць хочуць зняць з галавы пабочны груз”.

“ЛіМ”, 1956 год. Указ Вярхоўнага Савету СССР:

“Устанавіць з 10 сакавіка 1956 года для рабочых і служачых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у перадвыхадныя і перадсвяточныя дні скарочаны, супраць нармальнага, на дзве гадзіны рабочы дзень, гэта значыць працягласцю шэсць гадзін. Старшыня Прэзыдыуму Вярхоўнага Савета К.Варашылаў, сакратар Прэзыдуму Вярхоўнага Савета Н.Пегаў”.