Свабодны прафсаюз “Шкловалакна” зладзіў пікет

Радыё Свабода Актывісты Свабоднага прафсаюзу адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” зладзілі сёньня ў цэнтры Полацку санкцыянаваны ўладамі пікет. Яны пратэставалі супраць парушэньня адзіных сацыяльных гарантыяў працоўных.
Вось ужо трэці месяц суполка Свабоднага прафсаюзу зьвяртаецца да заводзкай адміністрацыі з прапановай заключыць калектыўную дамову, аднак звароты пакуль бясплённыя.

Між тым, аналягічная дамова паміж наймальнікам і галіновым прафсаюзам была заключана без усялякіх праблемаў. Адначасова заводзкая адміністрацыя пазбавіла прафсаюзную суполку офісу, а самі сябры прафсаюзу зазнаюць адміністрацыйны ўціск.

Не знайшоўшы падтрымкі ў міжраённай інспэкцыі працы і пракуратуры, актывісты Свабоднага прафсаюзу выйшлі сёньня на адзін з гарадзкіх пляцаў зь лёзунгамі: “Рабочым патрэбныя сацыяльныя гарантыі!”, “Хопіць быць людзьмі другога гатунку!”, “За сацыяльную роўнасьць!”. За акцыяй назіралі тры міліцыянты, а таксама работнікі гарадзкой ідэалягічнай вэртыкалі.