Што рабілі кандыдаты на пасаду прэзыдэнта 8 сакавіка?

Радыё Свабода Сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Лукашэнка не сустракаліся з выбарцамі. Чым займаліся іх штабы?
Сяргей Гайдукевіч зрабіў выходны для сябе і для свайго штабу. Напярэдадні актывісты спадара Гайдукевіча раздавалі віншавальныя паштоўкі жанчынам з партрэтам кандыдата. У Гомелі за раздачу віншавальных паштовак жанчынам ад імя Аляксандра Казуліна міліцыя затрымала актывіста Алега Шабетніка. Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомелю не дае на гэты конт ніякіх тлумачэньняў.

Спадар Казулін працягваў свой візыт у Нямеччыну. У Бэрліне ён сустрэўся зь дзяржміністрам Гернатам Эрлерам. Спадар Казулін распавёў пра сытуацыю ў Беларусі. Спадар Эрлер падкрэсьліў, што Нямеччына і ўся Эўропа зацікаўленыя ў сумленных і свабодных выбарах у Беларусі.

Сёньня спадар Казулін вяртаецца ў Беларусь. Пра блізкія сустрэчы з выбарцамі паведаміў кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Плянуецца і на 10-га, і на 11-га і 12-га. Плянуецца і Віцебшчына, і Берасьцейшчына, і потым Менск. Пляны ў нас ёсьць, але дзе, куды, калі паедзе, я нават ня маю магчымасьці пра гэта казаць”.

Мечыслаў Грыб атрымаў таксама ліст, у якім гаворыцца пра нараду, якая адбылася на мінулым тыдні ў Менскім гарвыканкаме з кіраўнікамі выбаркамаў. На ёй, паводле аўтара ліста, які не назваў свайго прозьвішча, былі агучаны прыблізныя вынікі галасаваньня за Аляксандра Лукашэнку: у Менску каля 74 працэнтаў, а па Беларусі каля 78 працэнтаў.

(Грыб: ) “Я баюся, што гэта праўда. Калі былі выбары ў 2004 годзе, то вынікі рэфэрэндуму і вынікі галасаваньня па акругах ужо былі вядомыя да выбараў. Улады рыхтуюцца да фальсыфікацыяў, таму што загадзя зададзеныя вынікі ніякім іншым шляхам атрымаць немагчыма”.

Прэсавы сакратар Дзьмітры Косьцін кажа, што ягоны кандыдат Аляксандар Лукашэнка сёньня не праводзіць ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў, але яны магчымы напачатку наступнага тыдня.

(Косьцін: ) “Сёньня давераныя асобы праводзяць некалькі мерапрыемстваў. Але ня так актыўна, як учора ці заўтра гэта будзе адбывацца. Учора правялі больш за трыццаць сустрэчаў па ўсёй рэспубліцы. А заўтра плянуецца таксама вельмі шмат. Мікалай Чаргінец правядзе тры сустрэчы ў Менску: адну з калектывам “Беларусбанку” і дзьве на прадпрыемствах”.