Як кандыдаты на прэзыдэнта глядзяць на праблему замежных інвэстыцыяў?

Радыё Свабода Трое канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі кажуць пра тое, што такіх інвэстыцыяў Беларусі трэба больш. Паплечнікі дзейнага кіраўніка краіны агучваюць прынцып: менш – але больш мэтанакіравана.
Тэма залучэньня замежных інвэстыцыяў асобна закранутая ў эканамічнай праграме кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Са словаў распрацоўніка праграмы эканаміста Яраслава Раманчука, недахоп інвэстыцыяў у Беларусі відавочны.

(Раманчук: ) “Беларусь паводле індэксу гасьціннасьці да капіталу знаходзіцца на 131 месцы са 135 краінаў сьвету. Безумоўна, гэта сьведчыць пра крызыс даверу да нашай краіны. Тут рэцэпт вельмі просты: перш за ўсё трэба казаць пра тое, каб забясьпечыць правы ўласнасьці, трэба мець празрыстыя стасункі паміж уладамі й бізнэсам; трэба прынамсі ўдвая зьнізіць падаткі, правесьці дэбюракратызацыю; мы павінны зрабіць лібэралізацыю эканомікі, а не заганяць яе ў ціскі цэнавага рэгуляваньня, штрафаў і ўсяго таго, што робіць наш дзелавы клімат непрыдатным для сур’ёзных інвэстыцыяў – і ўнутраных, і вонкавых”.

Прэсавы сакратар выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін нагадвае: дзейны кіраўнік краіны даволі шмат казаў пра сваё стаўленьне да праблемы замежных інвэстыцыяў. Неаднаразова на гэтую ж тэму выказваліся й прадстаўнікі беларускага ўраду, гаворыць спадар Косьцін.

(Косьцін: ) “Інвэстыцыі Беларусі патрэбныя толькі ў тым аб’ёме, які яна можа скарыстаць. Менш – але больш мэтанакіравана, у канкрэтныя праекты. Бо за кожную інвэстыцыю ў свой час даводзіцца расплачвацца: маёмасьцю, ці крэдытамі, ці працэнтамі. Трэба думаць пра тое, што будзе заўтра”.

Кіраўнік выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб з такой пазыцыяй нязгодны.

(Грыб: ) “Трэба столькі, колькі можам спажыць – так жывуць дзікія зьверы. Драпежныя зьверы ў лесе чыняць рабункі, але яны забіваюць толькі тое, што ім трэба для таго, каб пражыць. А людзі павінны меркаваць ня толькі пра сёньняшні дзень, але й пра заўтрашні, і пазаўтрашні. У людзей павінен быць іншы падыход”.

Кандыдат Сяргей Гайдукевіч сьцьвярджае, што беларускі ўрад дагэтуль не ацаніў рэальную патрэбу краіны ў замежных інвэстыцыях, гэтай праблемай папросту як сьлед не займаюцца, кажа ён.

(Гайдукевіч: ) “У нас зношанасьць фондаў шмат на якіх прадпрыемствах далёка за 70-80 адсоткаў. Таму я лічу, што інвэстыцыяў недастаткова, павінны выкарыстоўвацца ня толькі ўнутраныя інвэстыцыі, якія ёсьць у дзяржаве. Прадпрыемствы павінны быць прывабнымі для прыватных інвэстыцыяў, бо адміністрацыйным рэсурсам тут нічога ня вырашыш”.

Спадар Гайдукевіч кажа пра неабходнасьць даць інвэстарам гарантыі, каб Беларусь стала для іх прывабнай.