Сьвятлана Алексіевіч узнагароджаная прэміяй Таварыства амэрыканскіх крытыкаў

Сяргей Навумчык, Прага Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч ўзнагароджаная прэміяй амэрыканскага таварыства NATIONAL BOOK CRITICS CIRCLE (NBCC) за кнігу “Галасы з Чарнобыля”. Прэмія ня мае грашовага эквіваленту, але зьяўляецца адной з найбольш прэстыжных літаратурных узнагародаў ў сьвеце англамоўнай літаратуры.
(Алексіевіч: ) “Для мяне вельмі істотна, што гэтая кніга пра Чарнобыль ўзнагароджаная і заўважаная, – у амэрыканскім выданьні яна завецца "Галасы з Чарнобыля", – але ў цэлым адзначаны як унікальны праект, які я пішу ўжо трыццаць гадоў, які складаецца зь пяці кніг – "Маленькі чалавек і Вялікая Ўтопія". Гэта значыць, пра магію гэтай утопіі, пра гэты вялікі падман распавядаюць і самі сьведкі, і самі творцы, і каты, і ахвяры. І я спадзяюся, што больш людзей прачытае, даведаецца, для мяне гэта таксама вельмі важна. Асабліва цяпер, калі наша маленькая краіна займае асаблівае месца ў сьвядомасьці Эўропы і сьвету, са сваёй бядой, са сваёй немагчымасьцю пераадолець гэтую бяду. Мне здаецца вельмі важным, калі аддаецца перавага аўтару "адсюль", ягонаму голасу”.