Гайдукевіч – на Гарадзеншчыне, Лукашэнка – на працоўным месцы

Радыё Свабода Агітацыйная кампанія: дзень 18-ты: як правялі 18-ты дзень агітацыйнай кампаніі кандыдаты ў прэзыдэнты і іх штабы?
Сяргей Гайдукевіч сёньня пачаў паездку па Гарадзенскай вобласьці. Разам з актывістамі ён наведае Іўе, Ліду, Масты і Горадню, аднак не паведамляе, дзе сустрэнецца з выбарцамі.

(Гайдукевіч: ) “Напэўна, калі скажу, то пройдзе, як ва ўсіх. Таму што пад’едзеш, а потым цябе ня пусьцяць”.

Спадар Гайдукевіч апавёў, як звычайна праходзяць ягоныя сустрэчы:

(Гайдукевіч: ) “Спыняюцца чатыры машыны, адтуль выходзяць больш за дванаццаць чалавек. У кожнага ў руках каляндарыкі, плякаты, і яны проста рухаюцца па горадзе да цэнтру. Можаце сабе ўявіць, які шлейф празь пятнаццаць хвілінаў там утвараецца”.

Спадар Гайдукевіч ня ладзіць сустрэчаў у памяшканьнях.

(Гайдукевіч: ) “Ну, што ў памяшканьні зьбярэш? Дзе залю знойдзеш хаця б на пяцьсот чалавек у Бярозе, Кобрыні? У таварыстве сьляпых ці глуханямых, там на дзьвесьце чалавек табе дадуць?!”

Аляксандар Казулін сёньня за межамі Беларусі. Ягоны цэнтральны штаб сустрэчаў не праводзіў, але актывісты нарэшце атрымалі агітацыйную прадукцыю з друкарні. Кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб зьвяртае ўвагу на адсутнасьць роўных правоў для кандыдатаў. Штаб рыхтуе чарговую скаргу ў пракуратуру.

(Грыб: ) “ЦВК, злоўжываючы сваім службовым становішчам, прымяніла новую рэдакцыю часткі 1 артыкулу 77 Выбарчага кодэксу. Замест словаў “прэзыдэнт, абіраны на другі тэрмін”, яна запісала “на новы тэрмін”. Яна падмяніла Нацыянальны сход. У адпаведнасьці з гэтым не прапануе Аляксандру Лукашэнку скласьці свае паўнамоцтвы да выбараў”.

Паводле прэсавага сакратара выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя Косьціна, ягоны кандыдат зноў выконваў абавязкі кіраўніка краіны. Сустрэчы з выбарцамі праводзяць давераныя асобы ў шэрагу СПК, у “Віцебскэнэрга”, а кіраўнік штабу Віктар Шэйман паехаў у Магілёў.

(Косьцін: ) “Дакладна на якое прадпрыемства ён паедзе, ці дзе будуць сустрэчы — невядома”.

Аляксандар Мілінкевіч рыхтуецца да сваёй чарговай сустрэчы з выбарцамі 8 сакавіка ў Палацы культуры МАЗу. А сёньня кіраўнік штабу Сяргей Калякін сустрэўся з выбарцамі ў Магілеве, на вуліцы ў цэнтры гораду. Кіраўнік мясцовага штабу Ўладзімер Шанцаў тлумачыць:

(Шанцаў: ) “Я пачаў арганізоўваць сустрэчы з даверанымі асобамі ў працоўных калектывах. Спачатку ўсе дружна пагадзіліся. А потым дружна сталі адмаўляцца. Прычым, па сьмешных прычынах. Напэўна, атрымалі каманду. Таму, ну што ж, мы будзем чакаць ласкі?”