Імёны Свабоды: Сяргей Бусел (19.02.1901 - ?)

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
“У адзін памятны для мяне дзень прыходзіць к нам у хату кабета-суседка дый кажа мне: “Чаго ты тут сядзіш? Я чула, што ў Слуцку Беларусь зьбіраецца...”,-- пісаў ён у сваіх успамінах. І працягваў: - “Я безупынна вырашыў ехаць...”

Іначай і быць не магло, бо ішоў кастрычнік 1920-га, а суседка прынесла навіну Сяргею Буслу, сябру партыі беларускіх эсэраў, аднаму з кіраўнікоў культурна-асьветнага таварыства “Папараць-кветка”, утворанага навучэнцамі Слуцкае гімназіі.

Дзевятнаццацігадовы Сяргей быў адным з самых маладых арганізатараў гістарычнага зьезду Случчыны, які прыняў пастанову пра ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне пад сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля Слуцкага збройнага чыну з рэкамэндацыі Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і пэрсанальна Вацлава Ластоўскага Сяргей едзе вучыцца ў Вышэйшую тэхнічную школу ў Прагу, дзе блізка сыходзіцца зь лідэрамі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай...

Гэтак званы “вызвольны паход” Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 году засьпеў Сяргея Бусла ў Вільні. Празь месяц “вызваліцелі” арыштавалі яго разам з Антонам Луцкевічам, Уладзімерам Самойлам, Янам Пазьняком ды іншымі беларускімі дзеячамі.

19 лютага 1940-га, якраз у дзень народзінаў, Бусел атрымаў ад ваеннага трыбуналу прысуд – 15 гадоў канцлягераў. На гэтым зьвесткі пра яго абрываюцца.

Калі-небудзь у мястэчку Семежава павінна зьявіцца вуліца імя Сяргея Бусла, бо менавіта там ён па даручэньні Рады Случчыны займаўся фармаваньнем Першай Слуцкай брыгады войскаў БНР.