Украінскіх журналістаў у менскім аэрапорце сустрэла "Альфа"

Радыё Свабода Сёньня былі выдаленыя з Беларусі прадстаўнікі ўкраінскай арганізацыі “Пара” на чале з дарадцам прэзыдэнта Віктара Юшчанка Удалам Каськівым. Шасьці журналістам, якія прыляцелі ў Менск разам зь імі і таксама былі пад пагрозай дэпартацыі, ўдалося ўгаварыць КДБ пакінуць іх у Менску. Такім чынам журналісты патрапілі на сёньняшнюю сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча, але без тэлекамэр, паведаміў Юры Карачыньскі, журналіст тэлеканалу “Тоніс”.
У аэрапорце ўсю ўкраінскую дэлегацыю сустрэла чацьвёра супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня “Альфа” КДБ Беларусі. Кіраваў працэдурай палкоўнік КДБ Аляксандар Жарскі. Журналісты “Пятага каналу”, каналаў “Тоніс” і “1+1” папрасілі ў яго дазволу ўехаць у Беларусь як звычайныя грамадзяне, без камэраў, і палкоўнік дазволіў.

(Карачынські: ) “Мы былі сьведкамі таго, як Улада Каськіва разам з Сяргеем Яўтушэнкам завялі ў самалёт, а таксама іхняга прэсавага сакратара Мар’яну Кушнар. Уласна гэтым і закончылася, мы засталіся ў краіне, да заўтра можам тут спакойна знаходзіцца, і з КДБ мы разьвіталіся дастаткова мірна”.