Саюз беларускіх пісьменьнікаў высяляць з Дому Літаратараў?

Севярын Квяткоўскі, Менск Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта супраць СБП. Прадстаўнікі дзяржавы патрабуюць высяленьня, а таксама ўплаты больш як 55 мільёнаў рублёў за арэнду памяшканьняў цягам апошніх трох гадоў. Тым ня менш, судзьдзя падкрэсьліў, што ў бакоў яшчэ ёсьць час, каб залагодзіць справу кампрамісным міравым пагадненьнем.
Кіраўніцтва справаў настойвае на тым, што Саюз пісьменьнікаў павінны за арэнду дзьвюх кабінэтаў і памяшканьня бібліятэкі. 55 мільёнаў – каля 25 тысяч даляраў у эквіваленце. Прадстаўнікі Саюзу патлумачылі, што ня мелі магчымасьці зарабляць на арэнду, бо заканадаўства не дае такой магчымасьці грамадзкім аб’яднаньням. Да таго ж, сама фінансавая прэтэнзія выклікае пытаньне, бо з пісьменьніцкай арганізацыяй не была заключаная адпаведная дамова.

А вось як пракамэнтаваў сытуацыю ў часе выступу ў судзе прадстаўнік Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Зьміцер Лепеш:

(Лепеш:) “Адзіныя, хто ў нас сядзеў без дамовы – гэта ваша грамадзкае аб’яднаньне. Прычым адразу запэўніваю, што менавіта нам не дазвалялі чапаць вас – “няхай сядзяць”. Маю вас запэўніць, што менавіта з павагай да вас ставіліся. І разумелі і вашу ролю, і ўсё астатняе. Але, як казалі тут, “закон ёсьць закон”. Пасьля бы за гэта спагналі з нас”.

Генадзь Бураўкін казаў пра маральны аспэкт справы. Сярод іншага спадара Бураўкіна абурае, што Кіраўніцтва справамі плянавала перадаць кавярні кабінэт старшыняў Саюзу пісьменьнікаў:

(Бураўкін:) “Я разумею юрыдычныя складанасьці. Але я не разумею дзяржавы, якой не патрэбная культура. Не разумею дзяржавы, для якой ня мае значэньня мэмарыяльны пакой Максіма Танка, дзе былі практычна ўсе клясыкі. Іх ужо няма. Яны адтуль – зь верху – глядзяць, што мы вырабляем зь іх памяцьцю”.

У судзе бакі не пайшлі на міравую. Намесьнік старшыні СБП Барыс Пятровіч патлумачыў у часе судовага выступу, што ня бачыць гарантыяў з боку Кіраўніцтва справаў, што калі СБП выплаціць 55 мільёнаў, арганізацыя застанецца ў Доме літаратараў. Вынік суду Барыс Пятровіч назваў прадказальным. Тым ня менш, кропку ў справе ставіць пакуль рана:

(Пятровіч:) “Суд даў нам магчымасьць неяк дамовіцца. Што мы будзем рабіць далей? Мы паспрабуем абскарджваць рашэньне суду, на колькі гэта магчыма. Але зь іншага боку, у нас застаецца магчымасьць заключыць міравое пагадненьне, і захаваць за сабою асноўнае памяшканьне, мэмарыяльны “танкаўскі” кабінэт, заключыўшы дамову на арэндную плату зь цяперашняга часу. З тым, каб захаваць арганізацыю, захаваць юрыдычны адрас – захаваць Саюз пісьменьнікаў”.

Тым часам, 3 сакавіка распачнецца іншая судовая справа супраць СБП. Міністэрства юстыцыі патрабуе зьліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”. Сярод матывацыяў: шыльда з назваю арганізацыі і выявай “Пагоні” і адсутнасьць арыгіналу статуту.