Нацболы спрабавалі сарваць сустрэчу Мілінкевіча ў Чыжоўцы

Валер Каліноўскі, Менск Сёньня каля 600 чалавек прыйшло на сустрэчу з кандыдатам аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам у кінатэатар “Дружба” ў менскім мікрараёне Чыжоўка. Сустрэча доўжылася дзьве з паловай гадзіны, у цэлым насіла прыязны характар, але была азмрочаная інцыдэнтам з удзелам актывістаў незарэгістраванай нацыяльна-бальшавіцкай партыі.
У сярэдзіне сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі ў цэнтры перапоўненай залі з аднаго раду ўскочылі каля дзясятка маладых актывістаў нацыянальна-бальшавіцкай партыі, дасталі сваю чырвоную сымболіку з сярпамі і малаткамі, закрычалі “Не – прадажнай апазыцыі!”, раскідалі ўлёткі і кінулі некалькі яек у бок сцэны. Але яйкі не даляцелі, сьведчыць адзін зь відавочцаў здарэньня: (Сьведка: ) “Напэўна, два яйкі побач са мной праляцелі і побач з Мілінкевічам”.

Прысутныя ў зале хутка скруцілі нацболаў і перадалі ў рукі міліцыі Заводзкага раёну Менску.

Адзін з нацболаў так тлумачыў матывы свайго ўчынку перад тым, як усе хуліганы былі адвезеныя ў пастарунак.

(Нацбол: ) “Мілінкевіча падтрымлівае Літва, Латвія, Эстонія, грошы адтуль ідуць. А ў Латвіі праходзяць парады эсэсаўцаў”.

У аднаго з нацболаў, як засьведчыў намесьнік кіраўніка штабу Мілінкевіча Віктар Карняенка, міліцыя знайшла пасьведчаньне сябра БРСМ.

Удзельнікі сходу былі абураныя гэтым учынкам, але выказвалі перакананьне, што ён не сапсаваў прыязнай гутаркі з апазыцыйным кандыдатам.

(Спадар: ) “Сапсавалі ўсім настрой, навошта было падымаць гэтыя сьцягі... Гэта Лукашэнкавы...”

(Спадар: ) “Гэтыя правакацыі нам улады чыняць заўсёды, гэта юнакі былі, непаўналетнія, іх недзе падпаілі і цяпер могуць паказаць, што яны мелі нейкую думку, але мы ім перашкодзілі яе выказаць. Не, гэты выпадак не сапсаваў сустрэчы”.