Казулін: “У Беларусі, верагодна, дзейнічае нейкая банда невядомых асобаў”

Радыё Свабода Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін сустрэўся сёньня з генэральным пракурорам Беларусі Пятром Міклашэвічам. Спадар Казулін перадаў яму шэраг заяваў. У першую чаргу ён нагадаў генпракурору пра інцыдэнт каля Нацыянальнага прэс-цэнтру, калі невядомыя з ужываньнем гвалту перашкодзілі яму правесьці прэсавую канфэрэнцыю.
Тады невядомыя асобы ў цывільным перакрылі дарогу ў памяшканьне, ужылі грубую фізычную сілу і спэцсродак да даверанай асобы кандыдата Алега Воўчака. Аляксандар Казулін мяркуе, што гэта былі прадстаўнікі нейкай спэцслужбы.

(Казулін: ) “Зь дзеяньняў, якія праводзіліся адносна іх органамі ўнутраных справаў, было відаць, што яны паводзілі сябе вельмі ўпэўнена і адчувалі сваю беспакаранасьць. Таму я патрабаваў, каб пракуратура высьветліла асобы гэтых невядомых, бо прозьвішчы, якія яны далі ў міліцыю, — выдуманыя, і каб знайшлі злачынцаў, які дзейнічаюць на тэрыторыі Менску”.

Аляксандар Казулін нагадаў генпракурору, што кіраваная ім БСДП (Грамада) некалькі разоў спрабавала правесьці зьезд у матэлі, але невядомыя зноў жа блякавалі будынак. Гэта пацьвярджае ў сваім афіцыйным лісьце дырэктар матэлю. Цяпер на матэль будзе пададзены пазоў у суд.

(Казулін: ) “Я сказаў генпракурору, што ў нас на тэрыторыі Беларусі, мяркуючы па ўсім, дзейнічае нейкая банда незразумелых, невядомых асобаў. Гэта ўжо нагадвае той ланцужок, які выходзіць з раней згаданых “эскадронаў сьмерці”. Я сказаў, што я ні ў якім разе не магу гэтага сьцьвярджаць, але гэта моцна нагадвае гэты дэтэктыўны сцэнар”.

Таксама спадар Казулін заявіў генпракурору, што на ягоных давераных асобаў і актывістаў ціснуць розныя структуры. Пагражаюць звальненьнем з працы і нават гвалтам. Аляксандар Казулін папярэдзіў Пятра Міклашэвіча, што гэта недапушчальна, і запатрабаваў выконваць законнасьць у краіне. Таксама спадар Казулін заявіў генпракурору, што за ім пастаянна сочаць і назіраюць.

(Казулін: ) “Гэта не дапушчальна законам — прычым, назіраньне і сачэньне за мной вядзецца вельмі даўно, некалькіх гадоў. Я ўжо зьвяртаўся і атрымаў адпіску. Я сказаў, што больш адпісак не пацярплю. Я запытаўся, ці ёсьць у краіне закон — альбо ёсьць нейкія структуры, якія не падпарадкоўваюцца генэральнай пракуратуры і якія знаходзяцца па-за іх кантролем”.

Таксама спадар Казулін папрасіў генпракурора рэагаваць на факты, якія ён выклаў падчас рэгістрацыі кандыдатам і ў тэлевыступе.

(Казулін: ) “Там указаны факты парушэньня законнасьці з боку канкрэтных асобаў, у тым ліку спадара Лукашэнкі. Я спытаў генпракурора, чаму пракуратура не рэагуе на парушэньне спадаром Лукашэнкам выбарчага кодэксу, артыкулу 77-га”.

Паводле спадара Казуліна, Пётар Міклашэвіч адрэагаваў на зробленыя заявы спакойна, але было відаць, што ўспрыняў ён іх заклапочана.