Казулін пра сына Лукашэнкі: “Гэты хлопчык камандуе сівымі сілавікамі”<b/>

Валер Каліноўскі, Менск Сёньня кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін запісалі на Беларускім тэлебачаньні свае выступы, якія будуць паказаныя ўвечары 2 сакавіка. Мілінкевіч заклікаў выйсьці на вуліцы 19 сакавіка, Казулін казаў пра сыноў Лукашэнкі
Лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін зноў востра крытыкаваў дзейнага прэзыдэнта А. Лукашэнку, ягоны стыль кіраваньня, у прыватнасьці згадаў, што той два гады працаваў наглядчыкам у турме:

(Казулін: ) “Ці не адтуль у яго такія замашкі. З краіны ён фактычна зрабіў зону, ва ўсіх сэнсах гэтага слова”.

Спадар Казулін заявіў, што А. Лукашэнка незаконна прызначыў свайго сына Віктара ў якасьці дарадцы прэзыдэнта, а другі ягоны сын беспадстаўна узначаліў прэзыдэнцкі спартовы клюб.

(Казулін: ) “Гэта той самы Віктар, які адкрыўшы стральбу з пісталета ў начным клюбе і ледзь не застрэліў хакеіста Захарава, а сёньня гэты хлопчык камандуе сівымі сілавікамі”.

Казулін назваў Лукашэнку галоўным дэстабілізуючым фактарам у цэнтры Эўропы і заявіў, што калі яго не замяніць, што справа можа дайсьці да вайны. Ён заклікаў чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў заняць канстытуцыйную пазыцыю, а супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта –зьберагчы ўсе архівы.

Пра сэнс свайго другога тэлевыступу кандыдат аб аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў “Свабодзе”:

(Мілінкевіч: ) “Я ў выступе казаў аб тым, што вуліца непазьбежная. Гэта не будзе рэвалюцыя, але я запрашаю ўсіх 19-га на плошчу, таму што ўлада паводзіць сябе цынічна і не зьбіраецца праводзіць свабодныя выбары”.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў прыйсьці жонак і родзічаў зьніклых палітыкаў, палітвязьняў, якіх ён пералічыў пайменна, ён зьвярнуўся непасрэдна да розных катэгорыяў грамадзян:

(Мілінкевіч: ) “Калі мы не зробім свой выбар 19-га, другога шанца на волю ў нас доўна можа ня быць. Нас чакае лёс Паўночнай Карэі. На Беларусь можа спусьціцца палярная ноч”.

Аляксандар Мілінкевіч, запісваючы свой выступ на БТ, меў сіні бант на пінжаку:

(Мілінкевіч: ) “Я прапаную абраць знакам нашай еднасьці сіні колер, такі як у мяне на пінжаку. Гэта колер высакародзтва і стабільнасьці, і мы пабачым адзін другога на вуліцах горада”.

Спадар Мілінкевіч абяцаў адразу пасьля зьмены ўлады стварыць камісію для вывучэньня злоўжываньняў дзейнага кіраўніцтва краіны.