Сёньня выйшаў на волю Яўген Афнагель

Любоў Лунёва, Менск Сёньня зь менскага спэцпрыёмніка выйшаў на волю актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Яўген Афнагель. Яго затрымалі спэцназаўцы 13 лютага разам з прыкладна 20 ягонымі сябрамі. Затрыманых праз некаторы час адпусьцілі, а Яўгена абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Суд пакараў яго арыштам на 15 сутак.
Яўгена Афнагеля сустракалі некалькі дзесяткаў сяброў з розных моладзевых рухаў. Як толькі ён выйшаў, яго паплечнікі адразу пасадзілі ў аўтамабіль і павезьлі дахаты. Яны непакоіліся, што Яўгена павязуць са спэцпрыёмніка на допыт у міліцыію, ці КДБ. Сябры каардынатара паведамілі Радыё Свабода, што некалькіх непаўнагадовых сяброў руху “Зубр”, якіх затрымлівалі разам з Яўгенам выклікалі ў міліцыю і прасілі даць паказаньні супраць Афнагеля.

Цяпер, калі 4 чалавекі арыштаваныя і знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ, двое на Валадарцы, яшчэ некалькі чалавек пад падпіскай пра нявыезд, актывісты моладзевых рухаў не выключаюць верагоднасьці новых крымінальных справаў.

Гаворыць Кацярына Шаўцова:

(Шаўцова:) “Мы занепакоеныя сытуацыяй, якая склалася вакол моладзевых актывістаў. Непаўнагадовых увесь час выклікаюць на допыты Ў КДБ і ў міліцыю і прымушаюць іх даваць паказаньні супраць актывістаў.”

Яўген ня першы раз адбываў арышт за сваю апазыцыйную дзейнасьць. Але гэтым разам яму давялося выклікаць “хуткую дапамогу”. Мэдыкі канстатавалі востры радыкуліт. Паколькі з такім дыягназам хворых не шпіталізуюць, маці ўвесь час перадавала Яўгену неабходныя антыбіётыкі, іншыя лекі.

Сяброўка Яўгена Юлія Ліскоўская сказала Свабодзе:

(Ліскоўская:) “Да гэтых арыштаў прызвычаіцца немагчыма, хаця гэта ня першы і, у мяне такое адчуваньне, не апошні арышт. Але я спадзяюся, што ягоныя пакуты хаця б аднойчы прынясуць свой плён. Наша краіна будзе вольнай, у тым ліку, дзякуючы яго намаганьням.”

Разам з Яўгенам Афнагелем адбывалі пакараньні трое сяброў Маладога Фронту – Павал Фігурын, Барыс Гарэцкі і Алег Корбан, які ўжо адседзелі 10 сутак. Іх пакаралі за ўдзел у Акцыі Салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы 16 лютага.

Актывіст руху “Зубр” Алег Мяцеліца застаецца за кратамі. Ён выйдзе на волю 3 сакавіка.