Магілёў: Актывісту штабу Мілінкевіча пагражалі арыштам

Радыё Свабода, Магілёўская вобласьць Раніцай 28 лютага міліцыянты прыехалі да Барыса Вырвіча, актывіста Бялыніцкага раённага штабу Аляксандра Мілінкевіча, і запатрабавалі, каб ён паехаў зь імі. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і спрабавалі пакараць 15 суткамі пазбаўленьня волі.
Актывісту Бялыніцкага раённага штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Барысу Вырвічу падчас затрыманьня не патлумачылі, у чым яго абвінавачваюць. Ён спрабаваў патэлефанаваць старшыні абласной філіі БНФ Рыгору Костусеву, але міліцыянты не далі. Паводле Вырвіча, яго затрымалі незаконна:

(Вырвіч: ) “Забіралі не з маёй хаты, забіралі з хаты майго бацькі, а ён хворы. Прыехалі пяць міліцыянтаў, патрабавалі, каб я паехаў да старшыні райвыканкаму. Чаго ён мяне выклікае, яны не сказалі. Яны мяне затрымалі, пагражаючы кайданкамі. Забралі мабільную слухаўку і павезьлі да старшыні райвыканкаму”.

Спадара Вырвіча абвінавацілі ў тым, што ён нібыта абражаў кіраўнікоў Бялыніцкай вэртыкалі і нецэнзурна лаяўся. Пасьля гэтага яго павезьлі ў суд. Барыс Вырвіч пасьпеў патэлефанаваць сваёй жонцы і паведаміць, што міліцыянты пагражаюць пакараць яго пятнаццацьцю суткамі арышту. Аднак судзьдзя Ўладзімер Гус нагадаў, што спадар Вырвіч — народны засядацель, і запатрабаваў, каб міліцыянты атрымалі ў старшыні аблсавету дазвол на правядзеньне суду. Сёньня ж яго вызвалілі з камэры папярэдняга зьняволеньня.

Раней Барыса Вырвіча абвінавачвалі ў выкарыстаньні на старонках незарэгістраванай газэты “Паходня” гербу Бялыніцкага раёну, аднак не змаглі прад’явіць пастановы райвыканкаму, паводле якой улады рэглямэнтуюць выкарыстаньне гербу.