Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША наведвае Беларусь

Радыё Свабода У Беларусі зь візытам знаходзіцца намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Расеі і Эўразіі Дэвід Крэмэр. Учора ён меў сустрэчу ў МЗС Беларусі, дзе абмеркаваў выбарчую кампанію і двухбаковыя дачыненьні. Сёньня ён сустракаецца з прадстаўнікамі перадвыбарчых штабоў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, сакратаром Цэнтравыбаркаму Мікалаем Лазавіком, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і СМІ.
На пачатку лютага быў скасаваны супольны перадвыбарчы візыт у Беларусь прадстаўнікоў ЗША і Рады Эўразьвязу з-за таго, што беларускія ўлады не далі візаў, заявіўшы, што хочуць мець асобны дыялёг са Злучанымі Штатамі, асобны — з Эўрапейскім Зьвязам. Цяпер прадстаўнік Дзярждэпартамэнту прыбыў у Менск самастойна, падкрэсьліў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Дэ-факта вы бачыце, што адбылося: дэ-факта адбываецца асобны візыт прадстаўніка Дзярждэпартамэнту. Гэтага нельга адмаўляць, як кажуць”.

Андрэй Папоў паведаміў, што спадар Крэмэр знаходзіцца ў Менску на просьбу амэрыканскага боку, і што ў Міністэрстве замежных справаў ён абмеркаваў перадвыбарчую кампанію ў краіне.

(Папоў: ) “Спадар Крэмэр у пазытыўным пляне адзначыў факт запрашэньня ў Беларусь міжнародных назіральнікаў, рэгістрацыю чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта, забесьпячэньне іх выступаў на дзяржаўным тэлебачаньні”.

Дэвід Крэмэр сустракаўся сёньня з намесьнікамі кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Дабравольскім і Віктарам Карняенкам, а таксама з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным і кіраўніком ягонага штабу Мечыславам Грыбам. Спадар Казулін паведаміў “Свабодзе”, што хоча распавесьці спадару Крэмэру пра выбарчую кампанію ў Беларусі.

(Казулін: ) “Я яму скажу, што выбарчая кампанія праходзіць з выразным акцэнтам на сілавы сцэнар. Не пасьпеўшы пачацца, яна суправаджаецца сталым дэструктывізмам. Гэта я яму скажу абавязкова”.

Намесьнік кіраўніка штабу Мілінкевіча Аляксандар Дабаравольскі апавёў спадару Крэмэру пра сваё бачаньне выбараў:

(Дабравольскі: ) “Мы распавялі пра тое, як ідзе кампанія, якія ў нас мэты, пра тое, што нашых агітатараў затрымліваюць, сёньня вось судзяць”.

Аляксандар Дабравольскі паведаміў, што спадар Крэмер у сваю чаргу выклаў пазыцыю ЗША, якая палягае ў заахвочваньні роўных умоваў для выбараў для ўсіх кандыдатаў, заявіў, што ЗША не падтрымліваюць нікога зь іх, але падтрымліваюць дэмакратыю.