Чаму няма гатоўкі ў некаторых менскіх банкаматах?

Радыё Свабода У Менску ў некаторых банкаматах апошнімі днямі немагчыма было атрымаць грошы – аўтамат не выдаваў гатоўку, а толькі даваў магчымасьць заплаціць за камунальныя паслугі ці за сотавы тэлефон. Ці не спрабавалі банкі такім чынам прымусіць сваіх кліентаў разьлічвацца ў крамах па картцы, а не гатоўкай?
Праблемы з атрыманьнем наяўных грошай сапраўды могуць раз-пораз узьнікаць, але ніякіх абмежаваньняў банкі ня ўводзяць, запэўнівае дырэктар дэпартамэнту плястыкавых картак “Белінвэстбанку” Юры Чарняўскі. Нічога надзвычайнага ў гэтым няма.

(Чарняўскі:) “Калі ў банкамаце заканчваюцца наяўныя грошы ў касэтах, альбо здараецца яшчэ нейкая заштатная сытуацыя, па прычыне якой немагчыма выдаць наяўныя грошы, у гэтым выпадку, калі астатнія вузлы банкамату працуюць, ён працягвае абслугоўваць кліента, але па апэрацыях безнаяўнай аплаты”.

Але ж зьняць грошы з банкамату “Белінвэстбанку” бывае няпроста, нават калі агрэгат працуе спраўна. Вядомы пункт – банкамат ля “Дому друку” ў Менску, што праз дарогу ад Акадэміі мастацтваў. Тут абарачэньне грошай перавышае мільярд рублёў на месяц. І практычна штодня, у любы час тут можна ўбачыць немалыя чэргі. У абед аўторка тут стаяла чалавек пятнаццаць. Адна з жанчынаў у чарзе скардзілася:

(Спадарыня: ) “Вось бачыце, якія чэргі. Іншы раз прыйдзеш дык увогуле грошай няма. Трэба ехаць 35-ым некуды. Мы будзем больш за гадзіну стаяць. У кожным разе, я мяркую, тэхналёгія гэтая яшчэ недасканалая – вось так пхнулі людзей дый стойце ў чарзе”.

Людзі ідуць толькі да банкаматаў сваіх банкаў, бо іначай трэба плаціць камісію за зьняцьцё гатоўкі. Амаль палова стаіць у чэргах толькі для таго, каб праверыць свой рахунак: дазваніцца да банку па тэлефоне складана, праверыць свой рахунак празь інтэрнэт пакуль немагчыма, банкі такую паслугу не аказваюць.

Ля банкаматаў “Белпрамбудбанку” чэргі меншыя. Пытаюся ў маладога чалавека, які здымае грошы: чаму ён не разьлічваецца карткай за тавары ў краме?

(Хлопец: ) “Праблема такая, што не ва ўсіх крамах ёсьць такія апараты. Спрабавалі, але шмат у якіх крамах гэта не праходзіць”.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што беларусы пакуль папросту не гатовыя да таго, каб занадта актыўна карыстацца плястыкавымі карткамі.

(Багданкевіч: ) “Мне далі картку ў “Эканамічнай газэце”. Я ня так ужо й часта публікуюся там, аднак ганарар цяпер выплачваецца абавязкова празь “Беларусбанк”. Думаю, ідзе пэўная паказуха, фарсаваньне гэтага працэсу. Гэта апраўдаецца паступова, але не бязь цяжкасьцяў гэта будзе ісьці”.