Міліцыянты праніклі ў прыватную кватэру актывіста штабу Казуліна

Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі а 17-й гадзіне на прыватную кватэру на вуліцы Кірава, якую зарэндаваў кіраўнік рэгіянальнай ініцыятыўнай групы Казуліна Сяргей Старычэнка, пранік маёр міліцыі і людзі ў цывільным.
Якім чынам незнаёмцы адчынілі дзьверы, ніхто ня ведае. Ні маёр, ні іншыя нязваныя госьці не назвалі сябе. Яны спрабавалі высьветліць асобы прысутных ды здымалі іх на відэакамэру.

У кватэры ў гэты час знаходзіліся сябры ініцыятыўнай групы, у тым ліку і намесьнік Аляксандра Казуліна па партыі Анатоль Ляўковіч. Усе яны абмяркоўвалі, якім чынам зарганізаваць у рэгіёне агітацыйную кампанію.

Прысутных чальцоў ініцыятыўнай групы Казуліна вымусілі ехаць у міліцэйскі пастарунак Цэнтральнага раёну.

***

Сёньня ж на Гомельшчыне ў райцэнтры Ветка мясцовыя міліцыянты затрымалі актывістаў Марыю Багдановіч і Людмілу Судзілоўскую з Гомеля. Яны раздавалі жыхарам газэты “Народная воля” і “Товарищ”. Затрыманьне міліцыянты патлумачылі тым, што ня ведаюць такіх выданьняў. Пасьля тлумачэньняў распаўсюдніц газэтаў адпусьцілі.