Як праводзяць агітацыйную кампанію каманды Гайдукевіча, Казуліна, Лукашэнкі

Радыё Свабода Да выбараў застаецца менш за 4 тыдні. Кандыдат аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пачаў паездкі па рэгіёнах. Ці плянуюць такія паездкі іншыя кандыдаты, высьвятляла наша карэспандэнтка Іна Студзінская.
Літаральна ў першы ж дзень дазволенай агітацыі Сяргею Гайдукевічу давялося ўносіць карэктывы ў напружаны графік.

(Гайдукевіч: ) “Плян-каляндар вялізны. Усё расьпісана, я проста ня ведаю, як усё пасьпею. 21-га раніцай ужо на тэлевізіі запіс, таму ўсё крыху пераносіцца. У суботу-нядзелю – Менская вобласьць, у панядзелак ужо зрухі ў сувязі з запісам, а далей па графіку пойдзе. У сераду я выяжджаю ў Віцебскую вобласьць”.

Аляксандар Казулін таксама заплянаваў шмат сустрэчаў з патэнцыйнымі выбарнікамі па-за межамі сталіцы, але канкрэтныя гарады і тэрміны не назваў.

(Казулін: ) “Першы ўпор будзе на абласныя цэнтры. Часу ж зусім мала. Я думаю, таму ўпор зробім і на друкаваную прадукцыю. У нас жа не атрымаецца сустракацца з вялікай колькасьцю людзей, нам папросту не дадуць. Таму мы павінны ўлічваць умовы, у якіх знаходзімся. У мяне аптымізму заўсёды “вышэй за дах”. Я цалкам перакананы ў правільнасьці таго, што мы робім. Я чалавек выніку. Выніку я дамагуся ў любым выпадку”.

Што да плянаў дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, старшыня ягонага штабу Дзьмітрый Косьцін паведаміў наступнае:

(Косьцін: ) “У нашага кандыдата ня будзе праводзіцца ніякіх надзвычайных акцыяў, і ён будзе працаваць у звычайным штатным рэжыме, згодна з яго працоўным графікам”.

(Карэспандэнтка: ) “Але адмысловых мерапрыемстваў ня будзе?”

(Косьцін: ) “Не”.

Што да плянаў Лукашэнкі на бліжэйшы час, спадар Косьцін параіў зьвярнуцца да кіраўніка прэсавай службы Паўла Лёгкага:

(Лёгкі: ) “Гэта звычайная плянавая праца, у якой няма ніякіх асаблівых мерапрыемстваў, якія б прыцягнулі вялікую ўвагу прэсы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не зьбіраецца прэзыдэнт на час перадвыбарчай кампаніі ў адпачынак?”

(Лёгкі: ) “Наколькі я ведаю, пакуль не. Гэта рашэньне прэзыдэнта”.

Тут варта нагадаць артыкул 77 Выбарчага кодэксу:

“Пасьля рэгістрацыі кандыдаты ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь (акрамя Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што балятуецца на другі тэрмін)... вызваляюцца ад выкананьня вытворчых альбо службовых абавязкаў з дня рэгістрацыі да дня выбараў без захаваньня заработнай платы. Кандыдатам у Прэзыдэнты, у дэпутаты па іх асабістай заяве на гэты час можа быць прадастаўлены чарговы адпачынак”.

Аляксандар Лукашэнка балятуецца ўжо прынамсі на трэці тэрмін.