Вайтовіч заклікае ЦВК не рэгістраваць Лукашэнку

Радыё Свабода Напярэдадні заўтрашняга паседжаньня Цэнтрвыбаркама, на якім мяркуюць зарэгістраваць кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка, былы ўдзельнік гэтай выбарчай гонкі акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які зьняўся на этапе збору подпісаў, выступіў да ЦВК з заклікам не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку. У адваротным парадку ён рэкамэндаваў незалежным прэтэндэнтам адмовіцца ад удзелу ў выбарах, каб не легітымізаваць іх.
Акадэмік Аляксандар Вайтовіч заяўляе, што А. Лукашэнка незаконна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, паколькі рэфэрэндум 2004 года зьяўляўся неканстытуцыйным. Акрамя таго, ён называе незаконнай перадвыбарчай агітацыяй ягонае інтэрвію тром тэлеканалам, нагадвае, што ў выбарчыя камісіі не ўключаныя прадстаўнікі апазыцыі, што за А. Лукашэнку зьбіралі подпісы з выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу.

У гэтых умовах, на думку спадара Вайтовіча, рэгістрацыя А. Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта ня можа лічыцца законнай, пра што ён паведаміў у сваім лісьце ў ЦВК:

(Вайтовіч: ) “Я лічу, што гэта незаконна будзе, і ўся кампанія будзе незаконнай. Я зыходжу з гэтага і лічу, што адпаведным чынам трэба і кампанію будаваць”.

У сувязі з гэтым Аляксандар Вайтовіч рэкамэндуе незалежным кандыдатам на прэзыдэнта выйсьці з выбарчай гонкі, калі ў ёй будзе браць удзел А. Лукашэнка, каб не ствараць бачнасьць законнасьці такой кампаніі:

(Вайтовіч: ) “Я не кажу, што трэба зьняцца сёньня, заўтра ці пасьлязаўтра, але ў такі час, калі яны вызначаць, што гэта было б да месца, таму што ясна, чым усё гэта закончыцца”.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін пагаджаецца з крытычнай ацэнкай выбарчай кампаніі, зробленай спадаром Вайтовічам, але кажа, што здымацца ня будзе:

(Казулін: ) “Канешне, ён мае права рабіць такія заявы як асоба, якая мае для гэтага падставы, але з-за таго, што за ім не стаіць ніякіх сіл, то гэта трэба ўспрымаць як заяву адзіночкі і выказваньне індывідуальнага пункту гледжаньня”.

Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Вінцук Вячорка перакананы, што юрыдычна Вайтовіч мае рацыю, аднак мяркуе, што ўдзел у выбарах апазыцыйных кандыдатаў не паўплывае на ступень легітымізацыі гэтых выбараў, бо і ў самой краіне, і за мяжой ведаюць, як у Беларусі лічацца галасы:

(Вячорка: ) “Таму нам абавязкова трэба ісьці да людзей, абавязкова заклікаць іх аддаць свой голас за адзінага кандыдата. Для мільёнаў людзей гэта важны ўчынак, пазыцыянаваньне сябе ў цяперашняй палітычнай супярэчлівасьці”.

Вінцук Вячорка перакананы, што калі ўрэшце галасы будуць палічаныя несумленна, то крыўда людзей стане тым патэнцыялам, які будзе рухаць людзей да свабоды і дэмакратыі.