Афіцыйнай рэакцыі Беларусі на заяву аб заснаваньні расейскай базы дагэтуль няма

Радыё Свабода У міністэрствах абароны і замежных спраў Беларусі не камэнтуюць заяву камандуючага расейскімі ваенна-паветранымі сіламі аб намеры Расеі мець ваенна-паветраную базу ў Беларусі. Між тым незалежныя аглядальнікі не выключаюць, што ў выпадку стварэньня такой базы на тэрыторыю Беларусі можа патрапіць ядзерная зброі.
Мінуў дзень як 15 лютага галоўнакамандуючы ваенна-паветранымі сіламі Расеі генэрал Уладзімір Міхайлаў паведаміў аб плянах Расеі займець на тэрыторыі Беларусі сваю ваенна-паветраную базу. Як паставіліся ў Беларусі да гэтай заявы?

Да вечара 16 лютага ніхто з афіцыйных асобаў у кіраўніцтве краіны не выказаўся наконт гэтых плянаў галоўнага ваеннага лётчыка Расеі. Напрыканцы дня я спрабаваў атрымаць камэнтары да заявы генэрала Міхайлава ў міністэрствах замежных спраў і абароны Беларусі. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў ад камэнтару адмовіўся.

(Папоў: ) “Мы пакуль гэтую сытуацыю не камэнтуем. Можа, Вам лепш зьвярнуцца ў Міністэрства абароны?”

Але калі я зьвярнуўся ў Мінабароны Беларусі, адказ прэсавага сакратара міністэрства Вячаслава Раменьчыка быў такі самы. Нічога не адказаў ён і на пытаньне, ці вяліся раней перамовы аб заснаваньні расейскай ваенна-паветранай базы ў Беларусі.

Між тым незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін мяркуе, што за заявай расейскага генэрала Ўладзіміра Міхайлава стаяць ініцыятывы больш высокага ўзроўню.

(Алесін: ) “Мяркую, гэта ня сам Міхайлаў прыдумаў, ён толькі агучыў пляны, якія, магчыма, міністар Сяргей Іваноў разглядае. Той – чалавек творчы, схільны да рэзкіх заяваў. Думаю, гэта зь ягонай падачы”.

Таксама Аляксандр Алесін згадаў леташнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі адноўленыя ваенныя аэрадромы, кінутыя пасьля распаду СССР. Адзін з такіх аб’ектаў сапраўды могуць перадаць расейцам для базаваньня самалётаў далёкай авіяцыі, здольных несьці ядзерную зброю, не выключае Аляксандр Алесін. На ягоную думку, гэтак кіраўніцтва Расеі і Беларусі можа адказаць на пашырэньне НАТО і перавод базаў ЗША ў Польшчу, Баўгарыю ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы. Але ці ня будзе гэта парушэньнем міжнародных дамоў аб неразьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі?

(Алесін: ) “Беларусь сапраўды ня мае права разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Але ў выпадку ўзьнікненьня нейкага канфлікту на борце расейскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў яно можа да нас і прыляцець. І знаходзіцца тут як расейская ўласнасьць. Тым больш на расейскай базе”.

З гэтым меркаваньнем згодны менскі экспэрт Андрэй Фёдараў. Пры гэтым ён адзначае, што зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі расейскіх самалётаў зь ядзернай зброяй будзе супярэчыць ранейшым заявам Беларусі пра стварэньне безьядзернай зоны.