Мэлер: выбары ў Беларусі могуць адбыцца паводле сталінскіх прынцыпаў

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мэлер ў часе штогадовага звароту да Сойму, заявіў: Польшча асьцерагаецца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца "паводле сталінскага прынцыпу – не істотна, як галасуюць, важна, як лічаць".
У той частцы свайго звароту да парлямэнтароў і прысутных у Сойме замежных дыпляматаў, якая тычылася дачыненьняў зь Беларусьсю, Стэфан Мэлер адзначыў, што будучыня польска-беларускіх дачыненьняў залежыць ад сытуацыі ўнутры Беларусі.

(Мэлер: ) "Нашы дачыненьні зь Беларусьсю будуць залежаць ад таго, ці пануючы ў гэтай краіне рэжым – рэжым які мае выразны недэмакратычны характар, будзе працягваць парушаць правы чалавека і грамадзяніна".

Паводле кіраўніка польскага МЗС, важным момантам у гэтай справе будуць будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, а Польшча жадае, каб у іх "перамагло тое, што ў Беларусі ёсьць дэмакратычным і грамадзянскім" – гэтыя словы дэпутаты сустрэлі аплядысмэнтамі.

(Мэлер: ) "Мы, аднак, баімся, што выбары адбудуцца паводле вядомага выказваньня Сталіна – не істотна, як галасуюць, важна, як лічаць. Калі так сапраўды будзе, дык вяртаньне да паўнавартасных кантактаў паміж Польшчай і Беларусьсю, асабліва на вышэйшым узроўні, будзе вельмі цяжкім".

Стэфан Мэлер адзначыў, што адначасова Польшча будзе падтрымліваць гаспадарчыя і культурныя дачыненьні зь Беларусьсю, а "перадусім дапамагаць дэмакратычным сілам".

Польскі міністар падкрэсьліў таксама, што Польшча будзе актыўна выступаць у абарону правоў прадстаўнікоў польскай меншасьці паўсюль, дзе ў выніку "недэмакратычнай практыкі" іхныя правы парушаюцца. У якасьці прыкладу Стэфан Мэлер падаў Беларусь.

Між тым ужо афіцыйна вядома, што новым амбасадарам Польшчы ў Беларусі будзе Генрык Літвін – прафэсыйны дыплямат, які працаваў раней у Расеі і ва Ўкраіне. Напрыканцы гэтага тыдня ягоную кандыдатуру зацьвердзіць камісія замежных справаў польскага Сойму.

Прэсавы сакратар МЗС Польшчы Павал Дабравольскі заявіў, што новы амбасадар будзе актыўна абараняць інтарэсы польскай меншасьці ў Беларусі.

"Ён належыць да зусім іншага пакаленьня, чым ягоны папярэднік", - адзначыў спадар Дабравольскі.