Акрэдытавана 50 назіральнікаў АБСЭ і 65 СНД

Радыё Свабода Цэнтравыбаркам акрэдытаваў сёньня 50 назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ і 48 назіральнікаў так званага парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі. Раней акрэдытацыю атрымалі два прадстаўнікі ЦВК Казахстану і 65 міжнародных назіральнікаў СНД.
Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, пакуль усе заяўленыя міжнародныя назіральнікі атрымалі пасьведчаньні, хаця адмова ў акрэдытацыі тэарэтычна магчымая.

(Лазавік: ) “Калі ўрад ці МЗС падкажуць нам, што такая асоба зьяўляецца пэрсонай нон-грата ў Рэспубліцы Беларусь, ці яшчэ зь нейкіх прычынаў — калі гэта асобы, якія ўжо скампрамэтавалі сябе ў Рэспубліцы Беларусь і высланы за межы Беларусі. Але пакуль такіх выпадкаў не было”.

У місіі СНД 41 доўгатэрміновы назіральнік. Яны прадстаўляюць Казахстан, Кыргыстан, Армэнію, Расею, Таджыкістан і Туркмэністан. Пакуль сваіх назіральнікаў у гэтую місію не даслалі, да прыкладу, Украіна, Малдова і Грузія. Старшыня выканкаму СНД і кіраўнік місіі Ўладзімер Рушайла, які мае пасьведчаньне міжнароднага назіральніка №1, зноў зьехаў у Маскву. Намесьнік старшыні штабу місіі СНД Яўген Слабада заявіў, што перадвыбарчы працэс у Беларусі, у цэлым, праходзіць спакойна, хаця назіральнікі адзначаюць недастатковую прысутнасьць палітычных партыяў у тэрытарыяльных выбаркамах. Спадар Слабада выказаў таксама заўвагі на адрас прэтэндэнтаў.

(Слабада: ) “Пры зборы подпісаў зафікасаваны выпадкі парушэньня заканадаўства па ініцыятыўных групах Мілінкевіча, Казуліна і Гайдукевіча. Распаўсюджваліся каляндарыкі, у Гомелі выпусьцілі дзьве старонкі газэтнай паласы з выступам Мілінкевіча, дзе ён выкладвае сваю праграму, заклікае ўжо людзей”.

А як ставяцца назіральнікі СНД да таго, што дзяржаўныя мэдыі прапагандуюць толькі аднаго прэтэндэнта, а іншым доступ да іх, фактычна, забаронены?

(Слабада: ) “Тут гэта вельмі тонкая мяжа. Калі едзе кіраўнік краіны ў рэгіёны, я думаю, усюды ягоныя візыты асьвятляюцца. І ў дадзенай сытуацыі дзейны прэзыдэнт знаходзіцца ў больш прыступнай для нападаў пазыцыі. Таму мы пакуль на гэтым увагі не акцэнтуем. Пачнецца агітацыйны пэрыяд, і мы будзем адпаведна заканадаўству адсочваць. Да прыкладу, калі ўзяць газэты “Народная Воля”, “БДГ”, то там пастаянна гаворка ідзе пра Казуліна і Мілінкевіча. Таму тут мы пакуль ніякіх высноваў ня робім”.

Назіральная місія АБСЭ мяркуе выдаць першую прамежкавую справаздачу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, а пакуль устрымліваецца ад камэнтароў і ацэнак. 15 лютага для доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ плянуецца правесьці брыфінг, а 16 лютага яны накіруюцца ў дваццаць пунктаў Беларусі. Назіральнікі АБСЭ прадстаўляюць дзевятнаццаць краінаў. Бліжэй да дня выбараў чакаецца прыезд 400 кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ.