На Гомельшчыне шалёныя ваўкі палююць на людзей

Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці сёлета пабольшала нападаў ваўкоў на людзей. Часьцей за ўсё гэта адбываецца ў забруджаных радыяцыяй раёнах, якія прылягаюць да Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. Сытуацыя ўскладняецца тым, што многія шэрыя драпежнікі хварэюць на шаленства.
У вёсках Савічы і Савічы Двор, дзе жывуць пераважна самасёлы, моцна пацярпелі ад нападу ваўкоў малады мужчына і дзьве пэнсіянэркі. Распавядае 65-гадовая жыхарка вёскі Савічы Кацярына Чэчка:

(Чэчка: ) “Ішла ў Двор у краму. Нідзе нікога не было відаць. Ззаду падбег ці то ваўчыца, ці то воўк, і ўкусіў. Я спужалася, як анямела. Ён тады скочыў на галаву. Я ўпала, пачала крычаць. Крычала немым голасам. Я не ўсьведамляла сябе. Ачуняла толькі на другі дзень у шпіталі”.

Воўк парваў жанчыне адзеньне, параніў плячо, іншыя часткі цела. У той жа дзень недалёка ад крамы ў вёсцы Савічы Двор драпежнік напаў на старую жанчыну, моцна параніў ёй твар. Спатрэбіліся складаная хірургічная апэрацыя і лячэньне ад шаленства.

Кіраўнік Брагінскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Фёдар Бабранок распавёў, што, па ўсім відаць, і пэнсіянэрак, а за імі неўзабаве і маладога мужчыну, пакусала шалёная ваўчыца. Прынамсі, такая ваўчыца была забіта на тэрыторыі калгасу “Агра-Лідэр”.

Паляўнічым ды вэтслужбе ў навакольных вёсках давялося зьнішчыць хатніх сабак і катоў, што маглі захварэць на шаленства:

(Бабранок: ) “Якія жывёліны былі пакусаныя, мелі кантакт з ваўкамі, мы зьнішчылі. Разам васямнаццаць сабак, восем катоў. Прыяжджала вэтслужба. Дзе ўсыплялі, дзе адстрэльвалі. Налавілі цэлы вагон. Спалілі, содай тое месца пасыпалі. Прафіляктыку правялі. Дзякуй Богу, пакуль ціха”, — сказаў Фёдар Бабранок.

Паводле паляўнічага, вельмі шмат ваўкоў разьвялося ў радыяцыйным запаведніку. Ім там спакойна, і яны пладзяцца даволі хутка. А з надыходам моцных маразоў цягнуцца бліжэй да чалавечага жытла. Вялікае пагалоўе драпежнікаў вядзе і да пашырэньня ў іх асяродку шаленства. На шаленства хварэюць вельмі часта лісы. І тыя, і другія нападаюць на свойскую жывёлу і людзей.

Ёсьць, бадай, адзіны спосаб прафіляктыкі шаленства сярод дзікай фаўны — раскладаць прыманкі з вакцынай ад шаленства. Аднак сёлета гэтую справу толькі сабіраюцца распачаць. Гаворыць спэцыяліст абласной вэтэрынарнай управы Дзьмітры Новік:

(Новік: ) “У дадзены момант заказалі вакцыну. У лютым і сакавіку яна будзе раскладзена на сьцежках міграцыі дзікіх жывёлаў. Штогоду на гэта выдзяляюцца грошы — 12—15 мільёнаў. Я лічу, калі даць і 150 мільёнаў, то таксама будзе мала”.

Тым часам у вёсках жанчыны, каб схадзіць у краму, узбройваюцца нажамі ды каламі. Гаворыць ужо знаёмая нам Кацярына Чэчка:

(Чэчка: ) “Палкі пабяром ды ідзём чалавек пяць. Сабіраюцца бабы ўсе разам ды ідуць. Па хлеб жа трэба ісьці! Па адной ня ходзім, баімося. Гуртам ходзім”.