За ўдзел у выбарчай кампаніі на школьніцу цісьне дырэктар і КДБ

Радыё Свабода Актывістка моладзевага дэмакратычнага руху Марыя Дземянчонак, якая вучыцца ў 11-й клясе сярэдняй школы №9 Полацку, вырашыла ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Пра гэта стала вядома кіраўніцтву школы, і дзяўчыну ўжо тройчы выклікалі на выхаваўчыя гутаркі з удзелам дырэктара, завуча і сацыяльнага пэдагога.
На адной з гутарак, якая адбылася 30 студзеня, прысутнічаў таксама малады чалавек, які адрэкамэндаваўся супрацоўнікам КДБ.

Прадстаўнікі адміністрацыі і малады чалавек цікавіліся дзейнасьцю Марыі ў выбарчай кампаніі, палітычнымі прыхільнасьцямі яе сваякоў і знаёмых, а дырэктар школы Тацяна Васюціна паведаміла дзяўчыне, што тая будзе мець праблемы пры паступленьні ў ВНУ.