Графіці міліцыянты кваліфікуюць як хуліганства

Радыё Свабода Міліцыя Першамайскага раёну Менску распачала справу паводле артыкула “хуліганства”, падазраванымі ў якой зьяўляюцца актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі. Хлопцы знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Іх падазраюць у нанясеньні надпісаў палітычнага зьместу на будынках дамоў. Артуру і Аляксею пакуль не прад’явілі абвінавачаньня.
Намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу Першамайскага РУУС Аляксандр Глушчук паведаміў Радыё Свабода, што пакуль праводзяцца сьледчыя дзеяньні, і што Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі пакуль маюць статус падазраваных. Ён не выключае, што крымінальную справу могуць перакваліфікаваць паводле іншага артыкулу – псаваньне дзяржаўнай маёмасьці.

У хлопцаў дома зрабілі ператрус і апісалі ўсю маёмасьць. З ізалятара іх возяць на допыты, потым на абед і зноў на допыты.

Сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч разам са сваімі паплечнікамі пасьпелі перадаць сваім затрыманым сябрам харчы і цёплыя шкарпэткі. Другую перадачу ў іх не ўзялі, спаслаўшыся на тое, што ў затрыманых ёсьць усё неабходнае.

(Дашкевіч: ) “Перадачу ў нас не прынялі ў райаддзеле, спаслаўшыся на тое, што ня маюць такога права і параілі везьці яе ў ізалятар. Калі мы прыехалі ў ізалятар, то там кіраўнік установы таксама паведаміў нам, што ня можа яе ўзяць, каб мы везьлі зноў яе ў міліцыю.

Такім чынам, у нас яе ніхто так і не ўзяў ані цёплых рэчаў, ані харчоў. Сьледчы казаў нам, што, магчыма, іх, наагул, не пасадзяць. Мы спадзяемся, што нашых сяброў заўтра вызваляць і ніякіх абвінавачаньняў ім не прад’явяць”.

Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага затрымалі ўначы з 31 студзеня на 1 лютага. 3 лютага скончыцца тэрмін, калі можна трымаць пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня. Пракурор раёна Андрэй Млявы будзе вырашаць якую меру стрыманьня абраць для для маладафронтаўцаў.