Віньнікава: рух Лукашэнкі на расейскі "трон" адбываўся са згоды Ельцына

Радыё Свабода Сёньня 75-гадовы юбілей адзначае першы прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын. На сьвята запрошаныя шмат якія лідэры, зь якімі быў зьвязаны палітычны лёс юбіляра. Выправіўся ў расейскую сталіцу і Аляксандар Лукашэнка. А вось Станіслаў Шушкевіч, які разам зь Ельцыным і тагачасным кіраўніком Украіны Леанідам Краўчуком паклалі канец існаваньню СССР, у Маскву не паехаў.
Шмат якія беларускія палітыкі пазнаёміліся з Барысам Ельцыным пры канцы 1980-х, яшчэ падчас дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце СССР. Пра ўтварэньне Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы згадвае Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Першыя сакратары абкамаў партыі зьбіралі абласныя дэлегацыі (першы сакратар ЦК КПБ, адпаведна, беларускую) і спрабавалі ўсіх інструктаваць, як трэба галасаваць. Тады дэпутаты дэмакратычных поглядаў вырашылі аб’яднацца ў Міжрэгіянальную групу, каб гэтыя рэгіянальныя князькі імі не кіравалі”.

(Карэспандэнт: ) “Кантакты зь Ельцыным у вас былі?”

(Дабравольскі: ) “Адразу, як мяне абралі ў 1989 годзе, да мяне затэлефанаваў памочнік Ельцына і прапанаваў супрацоўніцтва. Я, безумоўна, згадзіўся, бо Ельцын выступаў за перамены. Мы сустракаліся ня раз, але мне ён здаваўся ня вельмі кантактным. І ён быў ня самым актыўным у Міжрэгіянальнай групе. Найбольш актыўныя былі такія людзі, як Сабчак, Афанасьеў, Гаўрыла Папоў і, безумоўна, акадэмік Сахараў”.

Пазьней кантактавала з Барысам Ельцыным тагачасная кіраўніца Нацыянальнага банку Беларусі Тамара Віньнікава. На яе думку, гэта быў ужо зусім іншы Ельцын: пастаянныя хваробы і адыход ад палітычных працэсаў рабілі яго шмат у чым кіраванай фігурай. Менавіта тады Аляксандар Лукашэнка пачаў прысьпешваць інтэграцыйныя працэсы.

(Віннікава: ) “Я кантактавала і брала ўдзел ва ўсіх дзелавых перамовах, якія тады адбываліся. Маё асабістае ўражаньне — гэта вельмі адукаваны чалавек, які здольны дакладна ўхапіць асноўную думку і адсачыць яе рэалізацыю. А што да працэсаў яднаньня зь Беларусьсю? Стаяла, перадусім, задача, каб Аляксандар Рыгоравіч стаў спадкаемцам Ельцына і ўзышоў на расейскі “трон”. Дзеля гэта вельмі шмат рабілася са згоды самога Ельцына, і гэта павінна было адбыцца. І толькі зьмена сытуацыі, зьяўленьне новых дэмакратычных сілаў, зьяўленьне новых палітычных постацяў на расейскай палітычнай сцэне у пэўнай ступені сталі зьмяшчаць гэтыя акцэнты”.

Пасьля падпісаньня ў сьнежні 1991-га ў Віскулях пагадненьня пра роспуск СССР Барыс Ельцын атрымаў мянушку “белавескі зубар”. Аднак, як лічыць Аляксандар Дабравольскі, у пэўным сэнсе для сябе Ельцын адкарэктаваў падзеі 1991 году. Скасаваньне СССР на карысьць СНД у сярэдзіне 1990-х Ельцын хацеў кампэнсаваць інтэграцыяй зь Беларусьсю, а гэта супярэчыла аб’ектыўным працэсам, лічыць спадар Дабравольскі. Менавіта таму ў 1996 годзе, калі пагрозу імпічмэнту беларускаму лідэру прыехалі здымаць расейскія “міратворцы”, Барыс Ельцын Аляксандра Лукашэнку падтрымаў.

Сярод запрошаных на юбілей Ельцына ня будзе аднаго зь “белавескіх зуброў” — Станіслава Шушкевіча. Жонка спадара Шушкевіча сказала, што ён па-за межамі краіны, аднак яе запрашалі на пошту атрымаць нейкі заказны ліст з Масквы. Яна не выключае, што якраз запрашэньне на дзень нараджэньня Ельцына. Раней Шушкевіч казаў, што апошнім разам сустракаўся зь Ельцыным за дзесяць дзён да сваёй адстаўкі. Паводле Шушкевіча, пасьля пачатку беларуска-расейскай інтэграцыі іх аб’ектыўна нічога ўжо не магло зьвязваць.

Учора ў размове з журналістамі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сказаў, што менавіта Барыс Ельцын прынёс свабоду расейскаму народу. І гэта, паводле Пуціна, ёсьць ягонай “вялізнай гістарычнай заслугай”. Зрэшты, віншаваньні Ельцын атрымаў не ад усіх палітыкаў. Мэр Масквы Юры Лужкоў назваў гады прэзыдэнцтва Ельцына “страчанымі дла Расеі”.