Брытанская "Guardian" піша пра "рэсурсы дыктатара"

Радыё Свабода Сёньня брытанская газэта “Guardian” ў артыкуле “Рэсурсы дыктатара” аналізуе перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі.
“Крэмль падтрымлівае дэспатычны прамаскоўскі рэжым на мяжы Эўропы, які выжывае толькі дзякуючы таму, што атрымлівае надзвычай танны газ з Расеі”, піша карэспандэнт Том Партыф.

“Guardian” падае меркаваньне кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча, які гаворыць, што “Лукашэнка трымае краіну ў страху, няведамым ад часоў Сталіна. Аднак ён і месяца б не пратрымаўся, калі б Пуцін не даваў яму танныя энэрганосьбіты”.

У артыкуле апавядаецца пра абставіны сьмерці журналіста недзяржаўнай газэты “Народная Воля” Васіля Гроднікава, а таксама пра зьнікненьні людзей ў Беларусі, пра нядаўна прынятыя папраўкі да Крымінальнага кодэксу і ўмовы, ў якіх даводзіцца дзейнічаць апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

“Перад беларускай апазыцыяй стаіць вялікая задача – скінуць эўрапейскага парыю”, – піша брытанская “Guardian”.

Што да падтрымкі Лукашэнкі Расеяй, што газэта адзначае, што “газавы крызыс прымусіў Эўропу ўсумніцца ў дэмакратычных памкненьнях прэзыдэнта Пуціна, які заняў месца старшыні “вялікай васьмёркі”. Падтрымка, якую ён аказвае Лукашэнку, можа стаць наступнай нагодай для канфрантацыі”, піша брытанская газэта.