С.Калякін у "Народнай волі": "Улада дзейнічае па законах подласьці"

Радыё Свабода Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук – 28 студзеня.
“Народная воля” шмат увагі надае выбарчай кампаніі. Так, Ігар Кацянкоў піша пра ціск верхнядзьвінскай вэртыкалі на ініцыятыўную групу ў падтрымку Аляксандра Казуліна. 24 з 32 яе сяброў мелі “прафіляктычныя” размовы зь міліцыянтамі. Карэспандэнцыя называецца “Накат”. Актывіст з Валожынскага раёну Андрэй Нікалаеў дзеліцца ўражаньнямі пра выбар вяскоўцаў: шмат хто адмаўляецца падтрымліваць Лукашэнку... Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін у артыкуле “Збор подпісаў як люстэрка палітычнай сытуацыі” падсумоўвае: “Людзі бачаць, што ўлада дзейнічае па законах подласьці. І ім такая ўлада становіцца ўсё больш агіднай”.

Мікалай Петрушэнка ў газэце “Товарищ” расказвае пра сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі талочынскага пасёлку Коханава, куды ён прыехаў адразу пасьля візыту ў Парыж. Дэмакратычны лідэр арыентаваўся ня толькі ў міжнародных праблемах, але й паказаў добрае веданьне правінцыйнага жыцьця. Напрыклад, ён падлічыў, што ў мясцовых крамах кіляграм бульбы каштуе ўтрая даражэй за кіляграм зерня, што зьяўляецца сьведчаньнем эканамічнага абсурду. Коханаўцаў уразіла яшчэ адна лічба ад спадара Мілінкевіча: за балённы газ яны плацяць больш, чым украінцы, палякі, чэхі, немцы – у пераліку на тысячу кубамэтраў ажно тысячу даляраў!

Шмат інфармацыі пра выбарчую кампанію і ў “Нашай Ніве”. Са спасылкай на балтыйскі “Gallup” газэта паведамляе: на сярэдзіну студзеня ў сталіцы гатовыя галасаваць за Лукашэнку і Мілінкевіча па 39 працэнтаў выбарнікаў. Па краіне сытуацыя іншая: дзейны прэзыдэнт набірае 57 працэнтаў, а ягоны палітычны апанэнт – 25. Гаворыць палітычны аглядальнік рэдакцыі Зьміцер Дрыгайла:

(Дрыгайла: ) “На палосах “Палітыка” зьмешчаны аналітычны матэрыял “Тры Аляксандры, Сяргей і Зянон”, які прысьвечаны збору подпісаў. А таксама друкуецца артыкул “Мілінкевіч ідзе на абвастрэньне: галасуем а 12-й і на цягнік!” – ён прысьвечаны радыкалізацыі заяваў Мілінкевіча. Ангела Меркель запрасіла Аляксандра Мілінкевіча ў Нямеччыну, на наступным тыдні – пра гэта піша “Наша Ніва”, а таксама разглядаецца магчымасьць сустрэчы з прадстаўнікамі каманды Аляксандра Казуліна альбо зь ім самім”.

Сярод матэрыялаў выбарчай тэматыкі газэты “Згода” вылучаецца рэдакцыйны артыкул “Ёсьць вышэйшы суд”, прысьвечаны Сяргею Скрабцу. Пра слуханьне справы экс-дэпутата піша і Аляксандар Нікалайчук у “БДГ. Деловой газете”. Аўтар праводзіць паралелі паміж лёсам беларускага палітыка і пасаджаным за краты расейскім алігархам Міхаілам Хадаркоўскім: Скрабец у турме заявіў пра сваё жаданьне балятавацца ў прэзыдэнты, а ягоны расейскі візаві – у Думу...

Крымінальная тэматыка шырока прадстаўлена і ў “Нашай Ніве”. Так, Аркадзь Шанскі ў артыкуле “Справа Касьпяровіча” паведамляе падрабязнасьці арышту 22-гадовага актывіста нацыянальнага руху, які садраў чырвона-зялёны сьцяг з даху Менгарвыканкаму. Цяпер яму пагражае год “хіміі”. Прыцягне чытацкую ўвагу і артыкул “Як адбываецца сачэньне”. “Нашаніўскі” аўтар на прыкладах дэпутата з Гарадзеншчыны Алеся Зарамбюка і гомельскага палітыка Ўладзімера Кацоры даводзіць, што спэцслужбы праслухоўваюць тэлефонныя перамовы апанэнтаў улады.

У артыкуле “Народнай волі” “Аб’яўлена паляваньне на...” Сяргей Сацук заяўляе: “Па ўсёй краіне пры садзейнічаньні апэратыўнікаў былі зарэгістраваныя розныя акцыянэрныя таварыствы, уладальнікамі ці кіраўнікамі якіх сталі раней судзімыя грамадзяне, прынятыя на пазаштатную працу ў адну з праваахоўных структур”. На канкрэтным прыкладзе аўтар даводзіць, што гэтыя людзі мэтанакіравана правакуюць няўгодных прадпрымальнікаў, чыноўнікаў, каб зьявілася падстава для арышту.

“БДГ. Деловая газета” падрабязна аналізуе маючы адбыцца ў сакавіку Ўсебеларускі народны сход. Антон Анін ўзгадвае яго аналягі ў гісторыі і ў сучасных грамадзкіх сыстэмах. Ад падобных ідэй цяпер адмовіліся нават у Паўночнай Карэі і на Кубе. Аўтар робіць выснову: “насуперак сусьветным тэндэнцыям і лёгіцы беларускія ўлады пры наяўнасьці парлямэнту ініцыююць стварэньне перадпарлямэнцкага рудымэнтарнага органу, бо ім лёгка маніпуліраваць для забесьпячэньня патрэбаў улады”. Газэта “Товарищ” у артыкуле “Асобна ад народу” так ацэньвае пэрспэктыву Ўсебеларускага сходу: “Гэта будзе пампэзная, дарагая і нікому не патрэбная прафанацыя, куды зьедуцца адфільтраваныя вэртыкальлю, абсалютна ляяльныя, звыкла маўклівыя дэлегаты”.

А вось цытата з артыкула Івана Дубровіна ў газэце “Згода”: “Мітусьня з Усебеларускім хуралам, кадравыя перамены, перанос выбараў на вясну нагадваюць гарачку з прасоўваньнем брэнду “Вячаслаў Кебіч” на выбарах 1994 году. Ізноў шаленства, адсутнасьць пачуцьця меры...”

Рабочы Менскага камвольнага камбінату Віктар Трацякоў даслаў у “Народную волю”ліст пад назвай “Мы ня ў стане нават мычаць”. Аўтар лічыць: перад маючымі адбыцца выбарамі рабочыя настолькі запалоханыя адміністрацыяй прадпрыемства, што імі можна маніпуліраваць як заўгодна. Над праблемай грамадзкай пасіўнасьці, ролі мясцовых актывістаў у газэце “Товарищ” разважае публіцыст Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Размова на тле правінцыйнага жыцьця. Таму й рубрыка – “Правінцыйныя сюжэты”. Там ідзе размова і пра кошт прадуктаў на рынку, і пра заробкі, і пра пэнсіі... Вось Клічаў Магілёўскай вобласьці. Там размова ішла пра тое, што ў гэтым горадзе ні-ко-лі не было гарачай вады! Наагул ніколі не было і зараз няма...”

Не абыдзена журналістамі і культурная праблематыка. Так, “Згода” прысьвяціла паласу выставе “Фотаздымкі Баўгаўза”, якая праходзіць цяпер у сталічным Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва. Артыкул Лявона Цімохіна “Памяць стукае ў сэрцы” прысьвечаны памерламу пры падазроных абставінах пісьменьніку Васілю Гроднікаву, якому гэтымі днямі было б 67 гадоў...

А БДГ згадвае пра вядомага перакладчыка Васіля Сёмуху, які адзначае зараз сваё 70-годзьдзе. У артыкуле “Пераможцаў ня судзяць. Іх проста раскупляюць” “Деловая газета” расказвае пра новую беларускую прэмію ў сфэры шоў-бізнэсу па выніках продажу кампакт-дыскаў і аўдыёкасэт. “Наша Ніва” працягвае друкаваць аповесьць Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”, новыя вершы Андрэя Хадановіча, публіцыстыку Ўладзімера Някляева, успаміны Валянціна Тараса пра Навума Кісьліка.