Лукашэнка зьбіраецца выйграць "інфармацыйную вайну"

Радыё Свабода “Нацыянальная сыстэма тэлерадыёвяшчаньня гатовая адбіць інфармацыйныя атакі наступальнымі контарпрапгандысцкімі дзеяньнямі”. Аб гэтым заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка ўручаючы дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам беларускіх тэлеканалаў.
(Лукашэнка: ) “Інфармацыйную барацьбу мы не прайграем. Беларускія радыё– і тэлеканалы не страцілі вастрыню. Імкнуцца да ўсё болей дасканалай падачы матэрыялаў, вучацца рабіць гэта болей вытанчана, без саладжавасьці і без падлашчваньня да гледачоў і слухачоў, ды з ўладай", – адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

***

Сёньня ж эўрапейскі камісар у замежных сувязях Бэніта Фэрэра-Вальднэр, выступаючы на пасяджэньні міжнароднай камісіі Эўрапейскага парлямэнту, абвясьціла пра пачатак незалежнага тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь ўжо напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Я рада абвясьціць канчатковае рашэньне выдаткаваць 2 мільёны эўра на праект перадаваньня на Беларусь. Кансорцыюм, які ачольвае нямецкая кампанія і ў які ўваходзяць партнэры з Польшчы, Літвы, Эўрапейскага Зьвязу, Беларусі і Расеі, будзе выкарыстоўваць наяўную інфраструктуру і тым самым ён гарантуе пачатак вяшчаньня ўжо ў наступным месяцы. Гэта значыць, да прэзыдэнцкіх выбараў.”

Фэрэра-Вальднэр падкрэсьліла важнасьць праўдзівага інфармаваньня насельніцтва Беларусі пра тое, што адбываецца насамрэч у краіне. Мінулай восеньню пачала вяшчаць на Беларусь на расейскай мове нямецкая радыёстанцыя “Нямецкая хваля”, але яна мае невялікі бюджэт. Новы мэдыйны праект будзе значна большым, ён уключае радыё- і тэлеперадачы на беларускай і расейскай мовах.