Маці Змітра Касьпяровіча ўбачыла свайго сына праз шкло

Радыё Свабода Маці Зьмітра Касьпяровіча мела спатканьне са сваім сынам ў сьледчым ізалятары. 17 студзеня актывіста моладзевага апазыцыйнага руху затрымалі супрацоўнікі міліцыі Маскоўскага раёну, калі ён намагаўся зьняць дзяржаўны сьцяг з будынку Менгарвыканакаму на плошчы Незалежнасьці. Спачатку распачалі крымінальную справу за зьнявагу і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў, але потым Зьмітра Касьпяровіча абвінавацілі ў хуліганстве.
Тацяна Касьпяровіч убачыла свайго сына праз шкло. У часе спатканьня яна размаўляла са Зьмітром па тэлефоне.

(Касьпяровіч: ) “Першае, што мяне адразу ўразіла – яны пагалілі майго сына. Увогуле, ня мелі права гэтага рабіць. Ён распавёў мне, што знаходзіцца ў камэры № 146. Вельмі халодна там. Баліць горла. Вельмі прастыўшы. Лек я прынесла, якое яму дапамагае, да лекара, а ён не дазволіў… Заўтра іншае панясу для горла. Шмат чаго не ўзялі. Бялізну не ўзялі, некалькі швэдараў не ўзялі…”

Паводле маці, Зьміцер Касьпяровіч трымаецца бадзёра. Хлопец летась скончыў інстытут культуры і ўладкаваўся на працу. Яго заробку ім хапала, каб заплаціць за камунальныя паслугі і на жыцьцё.

(Касьпяровіч: ) “Ён трымаецца мужна. Мяне так уразіла! (плача) Ён усё: “Як, ты, мама? Як, ты, мама?” Што яго хвалюе, як я без грошай засталася. Яго ж няма… Гэта ж трэба, такое дзіця залатое… А яшчэ ён мне казаў: “Як ты лічыш, мама, можа мне абвясьціць галадоўку?” Я яму і казала і сёньня ліст даслала, што ні ў якім выпадку, сыночак.”

Маці Зьмітра Касьпяровіча паведаміла, што яе сын знаходзіцца ў 146 камэры. Яму дазволена ліставаньне. Даслаць ліст ў СІЗА на Валадарскага, 2 могуць усе сябры Зьмітра, указаўшы нумар камэры і яго прозьвішча. Сьледчы паведаміў Тацяне Касьпяровіч, што крымінальную справу падрыхтавалі для перадачы ў пракуратуру. Пасьля подпісу пракурора яе накіруюць у суд.

Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, улічваючы, што гэта будзе першая судзімасьць актывіста моладзевага руху, яго могуць пакараць трыма месяцамі арышту, альбо абмежаваньнем волі тэрмінам да году.