Гайдукевіч патрабуе, каб ЦВК зьняла з выбарчай гонкі Мілінкевіча і Казуліна

Радыё Свабода Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч накіраваў у Цэнтравыбаркам ліст з патрабаваньнем не дапусьціць да прэзыдэнцкіх выбараў ягоных канкурэнтаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Першага за распаўсюд каляндарыкаў і ўлётак, другога — за публікацыю ў газэце “Народная Воля” інтэрвію і звароту, у якім была фраза: “Новым прэзыдэнтам Беларусі буду я!”
(Гайдукевіч: ) “Мы канкурэнты, кандыдаты на прэзыдэнта, прэтэндэнты… Меней народу — болей кіслароду. Што тут дзіўнага? Ня трэба парушаць законаў. Я не агітую нікога. Калі ёсьць нейкія факты — хай на мяне пішуць”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў мяркуе, што Сяргей Гайдукевіч сваім учынкам “выслужваецца перад уладай”:

(Бухвостаў: ) “Для яго зусім ня важныя тыя парушэньні, якія існуюць у Беларусі, аб тым, што ня створаныя роўныя ўмовы для ўсіх, што тэлеэкраны запалоненыя Лукашэнкам, а дзе-нідзе мільгане і ён”.

Намесьнік кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што ніякай агітацыі ў “Народнай Волі” не было, там не было сказана, калі Казулін будзе прэзыдэнтам:

(Нісьцюк: ) “Першымі, хто казаў, што будзе наступным прэзыдэнтам, быў Сяргей Гайдукевіч, яшчэ некалькі месяцаў таму, і Аляксандар Лукашэнка, які казаў: “Куды вы дзенецеся, усё роўна выбераце”, а Гайдукевіч сьцьвярджаў, што будзе наступным прэзыдэнтам... А па-другое, відаць ужо цяпер, што кампанія спадара Гайдукевіча згубілася, і цяпер проста ён зайздросьціць, як нядрэнна разгарнулі свае палітычныя кампаніі збору подпісаў Мілінкевіч і Казулін”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што многія факты, выкладзеныя ў скарзе Гайдукевіча, камісія ўжо ведае. Але пра тое, якія меры рэагаваньня будуць прыняты, гаварыць дачасна — магчыма, што ўсе гэтыя факты будуць улічаны пры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.