Ці мелі беларускія студэнты магчымасьць аддаць свой подпіс?

Радыё Свабода "Ці мелі беларускія студэнты магчымасьць падпісацца за прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта?" Гэтае пытаньне студэнтам менскіх ВНУ задаваў наш карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Ці мелі вы магчымасьць паставіць подпіс за прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта?”

(Хлопец: ) “Так. Я жыву ў інтэрнаце, і такая магчымасьць у мяне была. Прыходзілі групы падтрымкі кандыдатаў. Я аддаў свой подпіс за Лукашэнку. Мне падабаецца, як я жыву, няма на што наракаць”.

(Хлопец: ) “Я не цікаўлюся палітыкай”.

(Студэнт: ) “Я й не спрабаваў, бо ведаю, што ўсё гэта бессэнсоўна. З папярэднімі выбарамі таксама было ўсё зразумела. Нават ня хочацца ісьці на гэтыя выбары”.

(Студэнтка: ) “Не, бо мала часу. Вучуся і працую”.

(Студэнтка: ) “За Мілінкевіча. Мне падабаецца, што ён выступае за падтрымку навукі і культуры”.

(Студэнт:) “Я паставіў подпіс за Казуліна. Я яго ведаю. Добры дзядзька!”

(Студэнт: ) “Я паставіў подпіс за малавядомага прэтэндэнта. Ня памятаю ягонага прозьвішча. Але не за Лукашэнку”.

(Дзяўчына: ) “Я па-за палітыкай і ні за каго не галасую”.

(Дзяўчына: ) “Я паставіла за Мілінкевіча. Гэты чалавек мне вельмі імпануе. Найперш імпануе ягоны інтэлект, ягоныя перажываньне і боль за Беларусь. Я лічу, што ён зробіць нашае жыцьцё годным”.

(Хлопец: ) “Я меў магчымасьць, але не пайшоў. Апатыя”.

(Дзяўчына: ) “Я паставіла свой подпіс за Мілінкевіча. Гэта найбольш прымальная кандыдатура”.