У Ашмянах будуць судзіць кіраўніка раённага штабу А.Мілінкевіча

Радыё Свабода Сёньня ашмянскі зборшчык подпісаў Пётра Явідовіч атрымаў позву ў суд. Спадар Явідовіч зьяўляецца кіраўніком раённага штабу Аляксандра Мілінкевіча. У мінулую пятніцу яго выклікалі ў пракуратуру і дапытвалі наконт распаўсюду бюлетэню “Час адзінага” і ўлётак, якія ён раздаваў жыхарам Ашмянаў. Ён зьяўляецца выдаўцом і рэдактарам бюлетэню.
У апошнім нумары была інфармацыя пра прыезд у Ашмяны Аляксандра Мілінкевіча, і ўсіх жадаючых запрашалі на сустрэчу зь ім. Улётка падавала месца і час сустрэчы.

Калі Пётра Явідовіч раздаваў бюлетэнь і ўлёткі, яго ніхто не затрымліваў. Цяпер жа актывіста абвінавачваюць у парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапыемстваў (артыкул 167 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Суд прызначаны на 27 студзеня.