А.Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком “Лукойлу” Вагітам Алякперавым

Радыё Свабода Сёньня А.Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком расейскай нафтавай кампаніі “Лукойл” Вагітам Алякперавым. Адна з буйнейшых бізнэс-групаў Расеі даўно прыглядаецца да нафтаперапрацоўчых комплексаў Беларусі, аднак беларускае кіраўніцтва не пагаджаецца перадаць кантроль над стратэгічнымі прадпрыемствамі.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што аддае “Лукойлу” перавагу перад іншымі, што жадаюць прыйсьці на беларускі рынак. Эканамічныя інтарэсы “Лукойлу” ў Беларусі будзе прадстаўляць былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, а цяпер старшыня кансультацыйнай рады прадпрыемства “Лукойл-Беларусь” Урал Латыпаў.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не пярэчыць супраць павелічэньня аб’ёмаў перапрацоўкі расейскай нафты на профільных беларускіх заводах. Кіраўнік Беларусі прызнаў, што пяць гадоў таму “Лукойл” прапаноўваў рэальныя праекты супрацоўніцтва, але ён, Лукашэнка, тады адмовіўся.

Летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка ўжо сустракаўся з Вагітам Алякперавым. Як і сёньня, гаворка ішла пра пашырэньне дзейнасьці кампаніі ў Беларусі. У зьвязку з высокімі экспартнымі пошлінамі на нафтапрадукты, перапрацоўваць сыравіну ў Расеі для паставак яе за мяжу стала нявыгадна, тады як беларускія экспартныя мыты значна ніжэйшыя. З гэтай прычыны беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) апынуліся ў цэнтры ўвагі многіх расейскіх нафтавых кампаніяў. Пры гэтым буйныя кампаніі з сур’ёзнымі намерамі, улічваючы беларускую спэцыфіку, імкнуцца знайсьці падтрымку на самым высокім узроўні.

Дарэчы, ад нядаўняга часу старшынём кансультацыйнай рады прадпрыемства “Лукойл-Беларусь” стаў Урал Латыпаў, былы кіраўнік адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, які рэальна знаёмы з усімі нюансамі беларускай эканомікі.

Эканаміст Тацяна Манёнак ня лічыць, што апошнія дзеяньні і выказваньні Лукашэнкі даюць падставу гаварыць пра магчымую прыватызацыю прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі.

(Манёнак: ) “Каб беларускі бок сапраўды быў зацікаўлены ў сур’ёзнай прыватызацыі, для гэтага павінны быць празрыстыя ўмовы; трэба прыцягваць замежныя кансалтынгавыя кампаніі, каб зрабіць адпаведную ацэнку беларускіх прадпрыемстваў. Але мы бачым, што нічога падобнага не адбываецца. Аднойчы прэзыдэнт ужо казаў: мы акцыянавалі Мазырскі НПЗ, і ні ў якім разе ня будзем прыватызоўваць яшчэ адзін. Пакуль сытуацыя даволі спрыяльная для беларускіх прадпрыемстваў (я маю на ўвазе высокі кошт нафты, нафтапрадуктаў на ўсясьветных рынках), гэтыя дывідэнды досыць вялікія для Беларусі. Пераразьмяркоўваючы сродкі, сёньня ўрад можа накіроўваць іх на заводы, якія вядуць рэканструкцыю. А улічваючы адсутнасьць мяжы з Расеяй, яшчэ і гандляваць беларускімі таварамі на расейскім рынку”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што бачыць “Лукойл” як “актыўнага ўдзельніка працэсу рэканструкцыі і мадэрнізацыі нафтахімічных прадпрыемстваў”. Гэта выказваньне адрозьніваецца ад танальнасьці перамоваў 2001году, калі падчас сустрэчы Лукашэнкі і Алякперава абмяркоўвалася магчымасьць прыватызацыі “Нафтану”, “Паліміру” і “Азоту”. Аднак тады перадаць кантроль над стратэгічнымі заводамі Лукашэнка не пагадзіўся. У 2003-м шэраг не такіх значных аб’ектаў на аўкцыён усё ж выставілі, аднак кошт і неабходнасьць выкананьня абавязкаў у галіне сацыяльных стандартаў (уключна з будаўніцтвам лядовых палацаў) напужалі пакупнікоў, і яны ўзялі час на роздум. Чарговы візыт у Менск Вагіта Алякперава, як лічаць экспэрты, сьведчаць пра новыя прапановы з боку “Лукойлу”.

Паводле справаздачаў нафтавай кампаніі, “Лукойл” — найбуйнейшая расейская нафтавая бізнэс-група з штогадовым абаротам больш як 20 мільярдаў даляраў. Гэта другая ў сьвеце прыватная кампанія паводле памераў даказаных запасаў вуглевадародаў. Цяпер “Лукойл” кантралюе 1,5% усясьветных запасаў нафты і здабывае 2% нафты. Што да расейскага рынку, на долю “Лукойлу” прыпадае 19% здабычы і такая ж доля перапрацоўкі нафты.