“Трэба быць чалавеку добра музыкальнаму, каб ён мог на паперы обазначыць нотамі тыя гукі, якія чалавек пяе або іграе”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісала беларуская прэса 18 студзеня ў розныя гады
“Беларуская крыніца”, 1926 год. Арганісты пра збор беларускіх народных песень:

“Сабраць самы тэкст песьні беларускай рэч не цяжкая. Словы песьні можа запісаць кожны, хто хоць троха ўмее пісаць, а запісаць мелодыю песьні — гэта рэч ня лёгкая, і гэта ня ўсякі можа зрабіць. На гэта трэба быць чалавеку добра музыкальнаму, каб ён мог на паперы обазначыць нотамі тыя гукі, якія чалавек пяе, або іграе і на вёсках паміж беларусамі рэдка дзе знойдзецца такі чалавек, які мог-бы гэта зрабіць. У гэтай справе вялізарную роль маглі-б адыграць у парахвіях арганістыя, маючыя найбольшую стычнасьць з беларусамі”.

“Комуніст”, 1936 год. Інфармацыя БЕЛТА:

“16-га студзеня раніцай дадзен старт лыжнаму прабегу Віцебск—Масква. У прабезе ўдзельнічае 7 студэнтаў-выдатнікаў ветэрынарнага інстытута: Ануфрыеў (камандзір), Аўдзеенка (палітрук), Кантар, Хварасцін, Ковака, Чырыкаў, Чарнухін. Лыжнікі панеслі рапарт Наркому Соўгасаў СССР тав.Калмановічу аб поспехах у вучобе. На прыпынках у калгасах удзельнікі прабега будуць арганізоўваць прапрацоўку даклада тав.Молатава на сесіі ЦВК Саюза ССР”.

“ЛіМ”, 1966 год. Мастак С.Герус:

“Вельмі дрэнна рэкламуюцца нашы музеі. У Мінску амаль няма шчытоў, на якіх хаця б проста паведамлялася аб тым, што існуе той ці іншы музей. А пра мастацкія выстаўкі, якія наладжваюцца ў нас у апошні час багата, можна даведацца толькі ля памяшкання самога музея або будынка, дзе размешчана выстаўка. Па прыклады хадзіць далёка не трэба. Пра мастацкія выстаўкі, якія экспануюцца ў салоне-магазіне на Ленінскім праспекце, можна даведацца толькі з рэкламы ля салона, пра выстаўкі ў Дзяржаўным мастацкім музеі БСССР — толькі па рэкламе ля будынка музея… А дзе рэклама музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа?”