Жонка нямецкага прэзыдэнта занепакоеная лёсам беларускіх прастытутак

Радыё Свабода Жонка прэзыдэнта Нямеччыны Эва Луіза Кёлер у часе сустрэчы з актывісткамі арганізацыі Belladonna, якія аказваюць дапамогу ахвярам прымусовай прастытуцыі зь Беларусі і Украіны, заклікала нямецкую грамадзкасьць заняць больш рашучую пазыцыю што да сэксуальнага нявольніцтва.
Як паведамляе агенцыя DPA, спадарыня Кёлер выказала сваю заклапочанасьць, што ў зьвязку з маючым адбыцца сёлета ў Нямеччыне пяршынствам сьвету па футболе нелегальны трафік дзяўчат зь Беларусі, Украіны ды іншых усходнеэўрапейскіх краінаў можа істотна павялічыцца. Гэтыя жанчыны вымушаныя будуць працаваць ў самых жахлівых умовах і, ня выключана, што ў выніку атрымаюць псыхічную траўму на ўсё жыцьцё. Як выказаліся ўдзельнікі сустрэчы, якая адбылася ўчора ўвечары ў Франкфурце-на-Одэры, будучы футбольны чэмпіянат сьвету можа стаць у пэўным сэнсе ганебным для Нямеччыны.

Актывісткі нямецкай арганізацыі Belladonna паведамілі, што пра свой намер “паказаць чырвоную картку міжнароднаму гандлю жанчынамі”. Разам з партнэрамі зь Беларусі і Украіны яны зьбіраюцца выставіць пікеты ва ўсіх 11 гарадох, дзе адбудуцца гульні чэмпіянату ды таксама арганізаваць пункты дапамогі ахвярам сэксуальнага нявольніцтва.

Нагадаем, што, паводле некаторых прагнозаў, вялікую армію футбольных заўзятараў у часе першынства сьвету будуць абслугоўваць каля 40 тысячаў жанчынаў з розных краінаў. У гэтых зьвязку мяркуецца пабудаваць 11 гэтак званых “мэга-бардэляў”. Як лічаць арганізатары першынства, падобныя афіцыйныя ўстановы павінны спрыяць барацьбе зь нелегальнай прастытуцыяй. Тым часам ні царква, ні жаночыя праваабарончыя арганізацыі, ні прафсаюзы Нямеччыны не падзяляюць падобнага аптымізму.