Актывістаў “Зубра” вінавацяць у супраціве міліцыянтам

Любоў Лунёва, Менск Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску вынесла афіцыйнае абвінавачаньне актывістам незарэгістраванага руху “Зубр” Зьмітру Зубру і Аляксандру Казакову. Іх абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.
У пракуратуры Зьмітру Зубру й Аляксандру Казакову паведамілі, што на працягу месяца крымінальную справу перададуць у суд.

Студэнтаў з Барысава затрымалі ўначы з 27-га на 28-га сьнежня пасьля таго, як яны напісалі графіці палітычнага зьместу на будынку суду Цэнтральнага раёну Менску. Спачатку на іх склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, дзе адзначылі, што хлопцы зрабілі надпісы. Судзьдзя адмовіўся разглядаць справу, спаслаўшыся на тое, што за графіці прадугледжана крымінальная адказнасьць. У выніку хлопцаў адвезьлі ў пракуратуру, дзе ім зачыталі пастанову аб тым, што падазраюць іх у супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня, і ўзялі пад варту. 30 сьнежня хлопцаў выпусьцілі з арышту пад падпіску аб нявыезьдзе.

Цяпер, калі яны маюць статус абвінавачаных па крымінальнай справе, справу, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, накіруюць у суд. Артыкул 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў работніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак), па якім заведзена справа, прадугледжвае пакараньне абмежаваньнем волі тэрмінам да пяці гадоў ці пазбаўленьнем волі на такі самы тэрмін.

Аляксандар Казакоў і Зьміцер Зубро жывуць у Барысаве – пакінуць межы гораду яны могуць толькі з дазволу сьледчага. Аляксандар і Зьміцер самі не прызнаюць сябе вінаватымі ў супраціве міліцыянтам. Яны лічаць, што ўлады ня сталі ўжываць у адносінах да іх палітычнага артыкулу ў сувязі з выбарчай кампаніяй.