У Менску працуе кантрольная місія Міжнароднай арганізацыі працы

Радыё Свабода У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы. У яе складзе выканаўчы дырэктар Кары Тапіёла, намесьнік кіраўніка дэпартамэнту па стандартах Карэн Кёртыс і юрыст гэтага дэпартамэнту Аксана Вольфсан.
Гэтая місія МАП пракантралюе, што зрабіў урад Беларусі, каб выправіць стан з правамі незалежных прафсаюзаў. Дзеля гэтага ўдзельнікі місіі маюць сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў, Міністэрства працы і юстыцыі, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Адна з такіх сустрэчаў сёньня адбылася ў адміністрацыі прэзыдэнта, а ўвечары сябры дэлегацыі вядуць перамовы зь лідэрамі й актывістамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Візыт мае працягнуцца яшчэ два дні, а затым місія падрыхтуе справаздачу пра зьмены ў правах незалежных прафсаюзаў.

Міжнародная арганізацыя працы засьведчыла парушэньні правоў незалежных прафсаюзаў паводле дванаццаці пунктаў і прапанавала ўладам Беларусі выправіць сытуацыю яшчэ да 1 чэрвеня 2005 году. Аднак гэтага не адбылося, таму тэрмін працягнулі. І цяпер місія праверыць, што за гэты час зроблена. Выстаўленыя рэкамэндацыі і кантрольны візыт – гэта самыя жорсткія меры да краін-парушальніц, якія існуюць у статуце Міжнароднай арганізацыі працы. Калі краіна праігнаруе заўвагі, адносна яе могуць ужыць санкцыі, якія пацягнуць буйныя эканамічныя страты.