Сёньня завяршаецца чарговы этап выбарчай кампаніі

Радыё Свабода Згодна з каляндарным плянам, не пазьней за 17 студзеня павінны быць створаныя ўчасткі для галасаваньня. На іх будуць працаваць участковыя камісіі.
Выбарчае заканадаўства дазваляе фармаваць участковыя камісіі чатыром суб’ектам: палітычным партыям, грамадзкім арганізацыям, працоўным калектывам, а таксама грамадзянам. У выбарчых дакумэнтах нідзе не гаворыцца, што хтосьці з гэтых суб''ектаў мае перавагу над іншымі. Але ж практыка сьведчыць, што роўнасьці тут няма. Вось канкрэтныя лічбы: на прэзыдэнцкіх выбарах, якія праводзіліся ў 2001 годзе, аж 90% сябраў участковых камісіяў прыпадалп на прадстаўнікоў працоўных калектываў ды грамадзянаў, якія вылучаліся праз збор подпісаў. І толькі 10% былі вылучэнцамі палітычных партыяў (ад левых да правых уключна) і грамадзкіх арганізацыяў.

Дарэчы, мінімальная колькасьць працуючых на прадпрыемстве для вылучэньня – 10 асобаў. Столькі ж подпісаў патэнцыйных выбарцаў патрэбна сабраць, каб вылучацца праз збор подпісаў. І яшчэ адна цікавая лічба – на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах было створана 6753 участковыя камісіі. Ці будзе цяпер розьніца параўнальна з мінулымі выбарамі? Вось як адказвае на гэтае пытаньне супрацоўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Надзея Кісялёва:

(Кісялёва: ) "Яна неістотная. Розьніца, канешне, будзе. Дзесьці аб''ядналі раёны і гарады, дзесьці зьмянілася тэрытарыяльна-адміністратыўны падзел, дзесьці пабудавалі новы дом. Можа нешта і зьменіцца. Але ж гэта неістотна".

І партыі, і грамадзкія арганізацыі хацелі б мець шырокае прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях. І пэўныя захады для гэтага яны робяць. Але калі зыходзіць зь лічбаў, якія называюць у палітычных партыях, дык, праўдападобна, што іхнае прадстаўніцтва наўрад ці пабольшыцца параўнальна з выбарамі 2001 году. Вось, прыкладам, як ацэньвае сытуацыю адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Ва ўчастковыя камісіі мы будзем вылучаць выбарачна, таму што іх вельмі шмат. І мы будзем вылучаць толькі ў тыя камісіі, дзе нашы актывісты ўжо працавалі зь людзьмі, дзе існуюць апорныя кропкі. Я думаю, што наша партыя зможа дзесьці вылучыць пад 150-200 асобаў як мінімум. Мы ставім за мэту разам з нашымі паплечнікамі, зь якімі мы працуем у выбарчай кампаніі, паспрабаваць выставіць больш як за паўтысячы чалавек".

(Карэспандэнт: ) "Пад паплечнікамі маюцца на ўвазе грамадзкія арганізацыі?"

(Нісьцюк: ) "Так, і грамадзкія арганізацыі, і вылучэньне праз збор подпісаў. Усе мэханізмы будзем выкарыстоўваць. Акрамя, канешне, вылучэньня ад працоўных калектываў. Таму што там ніхто прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў вылучаць ня будзе".