Польская прэса пра Беларусь

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньняшняя польская прэса піша пра акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю ў больш як 10 польскіх гарадах, а таксама пра чарговыя праблемы польскіх гарцэраў у Беларусі.
“Gazeta Wyborcza”, распавядаючы пра акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, што адбыліся па ўсёй Польшчы, зьвяртае ўвагу на тое, што ўдзел у іх узялі пераважна маладыя людзі, якія перакананыя ў тым, што для забесьпячэньня справядлівых выбараў у Беларусі патрэбная надзвычайная і хуткая мабілізацыя усіх эўрапейскіх краінаў перадусім у справе арганізацыі міжнароднага назіраньня.

“Падтрымка дэмакратычных памкненьняў беларускага грамадзтва – гэта наш абавязак. Нельга ў такі вырашальны час забыцца на маральны доўг, які вынікае зь гісторыі нашай краіны”, – цытуе газэта радкі звароту удзельнікаў варшаўскай акцыі да прэзыдэнта Польчшы Леха Качыньскага.

“Gazeta Wyborcza” піша і пра беларстоцкую акцыю, у часе якой, таксама пераважна маладыя людзі, пусьцілі ў неба тысячы паветраных шарыкаў зь лістамі падтрымкі да беларусаў. Перад прысутнымі ў Беластоку з музычнай праграмай выступілі вучні закрытага ўладамі беларускага ліцэю імя Якуба Коласа.

Польскія мэдыі пішуць сёньня таксама пра чарговыя праблемы польскіх гарцэраў у Беларусі: паводле патрабаваньня беларускіх уладаў усе дружыны гэтай арагнізацыі – а іх 59 – павінны зарэгістравацца асобна. Кіраўнік гарцэраў спадар Хамічукоў кажа, што гэта невыканальна, калі браць пад увагу кароткі тэрмін, дадзены ўладамі, і таму, паводле ягоных словаў, выглядае, што чыноўнікі папросту хочуць зьліквідаваць ягоную арганізацыю, сярод іншага, за падтрымку непрызнаванай афіцыйным Менскам старшыні СПБ Анжалікі Борыс.