Сваячка Браніслава Тарашкевіча зьбірае подпісы за Мілінкевіча

Радыё Свабода, Радашкавічы Дачка жонкі Браніслава Тарашкевіча Ірына Ніжанкоўская, якая жыве ў Радашкавічах, увайшла ў ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча. Пра свой досьвед удзелу ў выбарчай кампаніі, пра ацэнкі палітычнай сытуацыі ў краіне яна распавяла нашаму карэспандэнту.
У Радашкавічах ў ініцыятыўную групу кандыдата да аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ўвайшло два чалавекі: прадпрымальнік Алесь Шашута і пэнсіянэрка Ірына Ніжанкоўская. Спадарыня Ніжанкоўская зьяўляецца сваячкай Браніслава Тарашкевіча. Больш таго, у яе хаце захоўваецца мэбля, фатаграфіі і дакумэнты выдатнага навукоўца і грамадзкага дзеяча даваеннай Заходняй Беларусі. У гэтай жа хаце да нядаўняга часу былі зарэгістраваныя радашкавіцкія суполкі БНФ і ТБМ – да нядаўняга рашэньня Мін''юсту аб перарэгістрацыі. Да ініцыятыўнай групы Мілінкевіча спадарыня Ніжанкоўская далучылася без ваганьняў:

(Ніжанкоўская: ) “Мне ён падабаецца як асоба. Вось я калі хадзіла па хатах, то паказвала партрэт, і маладая кабета неяк сказала: “Ну, відаць, што разумны чалавек”... Была б радая вельмі, каб удала кампанія прайшла, але…”

Сёлетнія выбары – не першая выбарчая кампанія, у якой бярэ ўдзел спадарыня Ніжанкоўская, і яна разумее іх складанасьць для дэмакратычных сілаў Беларусі:

(Ніжанкоўская: ) “Хацелася б быць аптымісткай, але на жаль, такі ўціск, і мы самі ведаем, што ня будуць вольныя выбары. Але трэба змагацца патроху, усё-такі не сядзець, не апускаць рукі”.

Сама спадарыня Ніжанкоўская зьбірае подпісы пераважна сярод радашкавіцкіх пэнсіянэраў.

(Ніжанкоўская: ) “Наагул зь людзьмі вельмі цяжка, вось кажуць, што пэнсіі атрымліваюць і ціха, і што Лукашэнка дае адпор амэрыканцам... Вось такая філязофія людзей, яны нідзе не былі, яны лепшага жыцьця ня бачылі”.

Ірына Ніжанкоўская прычынай цяперашніх праблем беларусаў бачыць слабую нацыянальную сьвядомасьць.