Пракурорскае папярэджаньне “дзеля прафіляктыкі”

Радыё Свабода Сёньня да пракурора Смаргонскага раёну быў выкліканы Алесь Дзергачоў. Ён кіруе штабам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Смаргонскім раёне. Пракурор Мікалай Маліноўскі прапанаваў яму азнаёміцца зь пісьмовым папярэджаньнем.
У афіцыйным папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня закону гаворыцца, што Алесь Дзергачоў займаецца выпускам бюлетэню “Наш Смаргонскі край”, у якім адлюстроўваюцца пытаньні выбарчай кампаніі, а таксама вытрымкі з розных газэтаў і выступленьняў. У пракурорскім дакумэнце зазначана: “Дзеля папярэджаньня магчымага парушэньня закону папярэджваю аб недапушчальнасьці ў далейшым парушэньня Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, выбарчага заканадаўства і іншых законаў Рэспублікі Беларусь”.

Свае дзеяньні пракурор Мікалай Маліноўскі патлумачыў наступным чынам:

(Маліноўскі: ) “Таму што ён у далейшым будзе яшчэ выпускаць свае газэты. Так належыць: а раптам дапусьціць што-небудзь? Дык вось — каб не дапусьціў. Лепей папярэдзіць, чым пазьней караць”.

Алесь Дзергачоў па адукацыі юрыст і сам вельмі зьдзіўлены такім папярэджаньнем:

(Дзергачоў: ) “Я думаю, што гэта ўжо ад вялізнага страху робіцца. Яны ня ведаюць, што рабіць. Яны бачаць, што друкаваная прадукцыя выходзіць, яна законная, але яе трэба нейкім чынам прыкрыць. Запалохаць заснавальніка, напрыклад”.