Радыё Свабода Вялейскі лідэр мясцовай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук сёньня накіраваў скаргу на адрас пракурора Менскай вобласьці. Ён патрабуе адмяніць пакараньне, якое прызначыў яму Вялейскі райвыканкам.
9 студзеня адміністрацыйная камісія райвыканкаму аштрафавала актывіста на пяць базавых велічыняў за распаўсюд 12 лістапада інфармацыйнага бюлетэня пра Дзень салідарнасьці. Гэты дзень адзначаецца штомесяц 16-га чысла на знак падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Спадар Малярчук лічыць неабгрунтаваным рашэньне камісіі, якая пастанавіла, што ён “распаўсюджваў выданьні, вырабленыя з парушэньнем дзейнага парадку, якія ня маюць поўных выходных зьвестак, зьмест якіх скіраваны на спрычыненьне стратаў дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку”.