В.Леванеўскі даслаў на волю зварот да беларусаў

Радыё Свабода Ліст Валера Леванеўскага да суайчыньнікаў патрапіў на волю праз аднаго з былых вязьняў Івацэвіцкай калёніі, дзе адбывае пакараньне лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў. Валер Леванеўскі выказвае спадзеў, што 2006 год стане годам вяртаньня Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця.
“У нас, у беларусаў, ёсьць вялікі стваральны патэнцыял, які пакуль не раскрыты. Але перамены непазьбежныя. Часу не спыніць. Наша з вамі задача — паскорыць гэтыя перамены”,— зьвяртаецца Валер Леванеўскі да беларусаў.

Нагадаем, гарадзенскі прадпрымальнік быў пакараны двума гадамі зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Судзьдзі ўбачылі паклёп у наступных словах улёткі, якую падрыхтаваў Валер Леванеўскі да мітынгу прадпрымальнікаў: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб за твой кошт нехта езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Валера Леванеўскага вязьнем сумленьня.